У Дзень Канстытуцыі – прайсціся па вуліцах для абароны сваіх канстытуцыйных правоў. Правацэнтрысты плануюць правесці 15-га сакавіка вялікі «Марш дармаедаў». Пакуль жа абдумваюць гэтую ідэю, збіраюць подпісы за адмену дэкрэту № 3.
«Гэта тое пытанне, па якім мы можам абʼяднаць вельмі многа людзей, незалежна ад таго, ці яны ў палітыцы, ці апалітычныя, ці яны правыя, ці яны левыя, але ўжо відаць насамрэч, што дастала», – упэўнены лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
«Я працую, але разумею, што ў любы момант таксама магу стаць дармаедам».
«Калі ўжо беларусы дармаеды, то ў мяне ўжо ўвогуле словаў няма. То хто тады расейцы? Хаця нельга так агульна ўвесь народ абзываць».
«Ды гэта нейкае бязладдзе проста. Чалавека выганяюць на вуліцу і яшчэ плаці за гэта».
– мяркуюць жыхары Менску.
Ад сёння збор подпісаў ладзяць прафсаюз РЭП і грамадская арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву». Яна будзе доўжыцца месяц.
«Проста нерэальна плаціць такія грошы, якія зараз прымушаюць людзей плаціць. А ў людзей няма працы, дзе працаваць? Усё стаіць, усе фабрыкі і заводы», – дзеліцца жыхарка Бабруйску.
Дзякуючы ініцыятыве беларусы могуць паставіць свой подпіс не толькі ў Менску і ў абласных цэнтрах, але і ў меншых Бабруйску, Воршы, Наваполацку, Салігорску. Ёсць і тыя, хто падатак падтрымлівае.
«Ведаю, што людзі незадаволеныя, але плаціць трэба канешне. Гэта трэба было даўно зрабіць, яшчэ 20 гадоў таму», – кажа жыхар Бабруйску.
«Я чакала, што такія людзі будуць абавязкова і будуць яшчэ, гэта не першы чалавек, якія падтрымліваюць нашага прэзідэнта, наш урад, ну прыйдзе час і да іх, напэўна іх яшчэ гэта не закранула», – дадае збіральніца подпісаў Галіна Смірнова.
Гэтая платформа абавязвае чыноўнікаў адказваць. Актывісты падкрэсліваюць, што грамадзяне маюць права і наўпрост патрабаваць у падатковых афіцыйных тлумачэнняў. З гэтай мэтай група жыхароў Рэчыцы прыйшла да мясцовага прадстаўніцтва ведамства са сваймі скаргамі.
«Такім спосабам мы проста на 15-30 дзён адтэрмінуем суд, а пасля трэба будзе зноў нешта думаць. Бо ў мяне асабіста грошай няма», – тлумачыць жыхарка Рэчыцы.
Калі падаткоўцы не рэагуюць, трэба ісці далей – у пракуратуру, кажуць праваабаронцы. Бо беларусаў у першую чаргу бароніць галоўны закон краіны, Канстытуцыя, які прадугледжвае права, але не абавязак на працу.
Таццяна Рэут, «Белсат»