Вайна віртуальная – вынікі рэальныя. «Раскамнагляд» заблакаваў «Telegram», а пасыпаліся, як дамкі з картаў, шматлікія сайты. Цярпяць мільёны расейскіх карыстальнікаў сеціва. Чыноўнікі не паддаюцца і пагражаць таксама «Facebook». Але не здаюцца і інтэрнаўты ды ўсяляк абыходзяць блакады. Ці расейскія віртуальныя гульні не адаб’юцца рэхам і па беларусах і чаго так баяцца ўлады?
Свет віртуальны і рэальны. І каторы з іх каторы? У сучаснасці – амаль непадзельныя. У сеціве кожны можа быць, кім хоча, робяцца рэвалюцыі і вядуцца войны. А сацыяльныя сеткі – частка нашага «Я». Тут няма страху. А таму страх ёсць ва ўладаў, якія жадаюць нас кантраляваць.
ФСБ заявіла, што папулярным «Telegram» карыстаюцца тэрарысты і экстрэмісты. Пасля адмовы кіраўніцтва мэсэнджара выдаць ключы шыфравання, пачалося блакаванне.
Пазаўчора актывісты зладзілі акцыю-перформанс пад дзвярыма ФСБ на Лубянцы. Вынік – затрыманні паліцыяй. А стваральнік «Telegram» і сацыяльнае сеткі «УКантакце» Павел Дураў абвесціў «лічбавы супраціў» і абяцае фінансаванне праграмаў для абыходу блакавання.
«Цягам года я буду рады ахвяраваць мільёны долараў асабістых сродкаў на гэтыя мэты. Заклікаю ўсіх далучыцца і ўдзельнічаць – настройкай проксі/VPN-сервераў і іх фінансаваннем», – кажа стваральнік Telegram Павел Дураў.
Гэта пацягнула збой у працы іншых сайтаў, онлайн-крамаў, мэсэнджараў і сацсетак.
«Пабочны эфект для расейскага інтэрнэту будзе шматкроць вышэйшы, чымся для самога «Telegram». Каб карэктна заблакаваць «Telegram» тэхнічна, неабходна не толькі заблакаваць яго адрасы», – лічыць Фёдар Скуратаў з сэрвісу «COMBOT».
Рэальнае блакаванне «Telegram» цягне, як даміно, блакаванне дэйта-цэнтраў, з якімі звязваецца праграма, выдаленне яго з «AppStore», «GooglePlay», выдаленне сотняў праграмаў, блакаванне паш-адрасоў для высылкі новых наладак і ўсіх проксі/VPN-сэрвераў для абыходу блакады.
«Telegram» змагаецца з усіх сілаў. А «Раскамнагляд» кажа, што той жа лёс можа чакаць і «Facebook», калі кампанія да канца года не размесціць базы карыстальнікаў на тэрыторыі Расеі.
Таксама і ў Беларусі. Да блакавання сацыяльных сетак улады пакуль не дайшлі. Але з канца студзеня не працуе партал «Хартыяʼ97». І ўжо падрыхтаваны праект Закону аб СМІ, які скіраваны на кантроль перад усім інтэрнэту.
«Мітынгі фармальна ў Беларусі дазволеныя ці пікеты, але правесці іх немагчыма. Дык вось сацсеткі – гэта такі замяняльнік усяго гэтага. Там могуць збірацца аднадумцы, абмяркоўваць пытанні, абмяркоўваць праблемы», – кажа журналіст Віталь Зыблюк.
Маўклівыя акцыі пратэсту ў 2011-м акурат сталіся першымі выступамі ў Беларусі, якія атрымалі назву «Рэвалюцыяў праз сацыяльную сетку». Людзі збіраліся без выразнага лідара праз інтэрнэт і выказвалі незадаволенне.
Страшна, бо акурат у гэты перыяд адбывалася Арабская вясна – рэвалюцыйныя рухі ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Там вялікую ролю адыгралі менавіта сацыяльныя сеткі. І гэта быў выразны сігнал для аўтарытарных краінаў пра іх блакаванне. Сучасныя карыстальнікі вучацца абыходзіць блакады. І гэта сапраўдная кібер-вайна. «Telegram» спрабуе яшчэ і юрыдычныя магчымасці.
«Апеляцыйныя скаргі будуць складацца. Яны ў працэсе рыхтавання. Будзе яшчэ апеляцыйны разгляд. Я мяркую, апошнюю кропку ва ўсім гэтым пытанні будзе ставіць Еўрапейскі суд правоў чалавека і міжнародныя органы», – паведаміў адвакат «Telegram» Раміль Ахметгаліеў.
Іншая справа, што ўсе гэтыя рашэнні носяць толькі рэкамендацыйны характар. А таму складваць зброю нельга.
Сяргей Падсасонны, «Белсат». Фота: Anton Vaganov / TASS / FORUM