Расея засакрэціла выкід радыяцыі


Чатыры расейскія маніторынгавыя станцыі, што ўваходзяць у міжнародную сетку назірання за радыяцыйным фонам, перасталі перадаваць інфармацыю пасля выбуху на вайсковым палігоне каля Северадзвінску 8 жніўня. Улады кажуць пра праблемы з сувяззю, прэс-сакратар Пуціна называе паведамленні пра хмару радыяцыі абсурдам і раіць верыць прэзідэнту.

З 13 жніўня не паступае інфармацыя пра радыеактыўны фон са станцыяў на Чукотцы ды Алтаі. Намеснік кіраўніка Міністэрства замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў тлумачыць гэта так:

«Неабходна мець на ўвазе, што перадаванне звестак са станцыяў нацыянальнага сегменту міжнароднай сістэмы маніторынгу для любой краіны ёсць выключна добраахвотнаю справай».

Ці можна казаць пра тое, што адмова ад надання інфармацыі ў існасці нічым не тлумачыцца, акрамя як нежаданнем інфармаваць пра сапраўдную сітуацыю з радыяцыйным фонам?

Інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі:

«Радыеактыўныя рэчывы трапілі ў наваколле, мы ведаем, што афіцыйная асобы хлусілі. Адразу казалі, што там толькі кароткажывучыя выйшлі, потым – што інертныя газы. Няпраўда. Праўды нам не казалі».

Мапа радыёфону, якую апублікаваў у «Тўітэры» выканаўчы сакратар Арганізацыі ў справе дамовы пра ўсёабдымную забарону ядравых выпрабаванняў Ласіна Зэрбо, сведчыць пра тое, што воблака за дзесяць дзён ахапіла значную частку Расеі, Украіны, Манголіі, цалкам накрыла некалькі краінаў Цэнтральнай Азіі, скіраваўшыся да Аравійскага мора.

«Добра вядомая гісторыя пасля Чарнобылю: малыя дозы радыяцыі, асабліва пры ўнутраным абпраменьванні, калі людзі ўдыхаюць радыенукліды і яны асядаюць на лёгкіх. Гэта вельмі небяспечна» – кажа Анрэй Ажароўскі.

Паводле шэрагу расейскіх экспертаў, сітуацыя з выбухам на палігоне каля Северадзвінску ўсё больш нагадвае чарнобыльскую трагедыю: спачатку ў Крамлі маўчаць пра здарэнне і, толькі калі за мяжою Расеі рэгіструюць рэзкае змяненне радыяцыйнага фону, паведамляюць пра выбух.

Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін кажа:

«Ніякай пагрозы там няма, і ніякага павышэння фону там таксама не існуе. Туды накіраваныя былі эксперты, у тым ліку незалежныя эксперты, якія кантралююць цяпер сітуацыю. Прынамсі я атрымліваю даклады ад цывільных і вайсковых экспертаў, мы сур’ёзных зменаў там не бачым».

Адразу пасля здарэння на палігоне ў Северадзвінску «Расгідрамет» зафіксаваў перавышэнне дозы гама-выпраменьвання да 16 разоў. Дасюль афіцыйна не агучылі прычыны выбуху: Міністэрства абароны Расеі не раскрывае інфармацыі, а «Росатом» сцвярджае, што гэта вынік працаў з рэактыўнай устаноўкаю.

Ігар Віняўскі, Ян Вярбіцкі, belsat.eu