Расея забараніла беларускую свініну. Беларусы ядуць яе далей


Пастаўкі жывых свіней, а таксама свініны забароненыя ў Расею. «Рассельгаснагляд» кажа пра восем выпадкаў выяўлення свіной чумы ў гатовай мясной прадукцыі з нашае краіны. Менск адказвае, што ні АЧС, ні іншых небяспечных хваробаў гэтых жывёлаў у нашай краіне не выяўлена. А адмыслоўцы звяртаюць увагу на рэзкае скарачэнне пагалоўя ў айчынных гаспадарках. Чыноўнікі і тут маюць сваё тлумачэнне.

У выніку з сёння з Беларусі ў Расею нельга ўвозіць ні жывых свіней, ні прадуктаў з яе, а таксама – кармоў са свінінай у складзе без адмысловага апрацоўвання ды мяса дзікоў.

Расейскія санітарныя службы гавораць пра Гомельскі мясакамбінат і ген віруса АЧС у сасісках «Кракаўскія» ды варанай каўбасе «Часныковы смак».

Галоўны ветэрынар Гомельскага мясакамбінату Аксана Хіжынская не змагла пацвердзіць гэтага нам па тэлефоне.

– У мяне дакументаў няма. А адкуль у іх такая інфармацыя, я не ведаю.

– Ці вы сцвярджаеце, што АЧС у прадуктах Гомельскага мясакамбінату няма?

– Я сцвярджаю, што дакументаў у мяне няма, каб пацвердзіць тое, што напісана ў «Рассельгаснаглядзе».

– Але ці вы маеце нейкія ўласны даследаванні ў лабараторыях?

– Безумоўна. А як жа, мы ж кормім людзей. Усё, прабачце, у мяне тэлефон».

Усе расейскія закіды зняпраўджвае і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

У тэлефоннай размове з намі прэс-сакратар міністэрства не жадала адказваць на дадатковыя пытанні.

«Я не магу бясконца казаць пра адно і тое ж. Вы ведаеце, колькі сёння мне было тэлефанаванняў з Масквы. Я кажу – я ўсё сказала. Усё», – сказала прэсавая сакратарка Мінсельгасхарчу Зінадіда Бярэшчанка.

А вось у Мінсельгасе Расеі мяркуюць, што Беларусь спрабуе затойваць выпадкі свіное чумы.

«Прэтэнзіі «Рассельгаснагляду» маюць пад сабою месца. Бо ў Расеі ёсць свіная чума, ва Украіне ёсць афрыканская чума, Польшча ад нас агароджваецца плотам высачэнным, маючы на ўвазе, што ў нас пэўна ёсць ачагі афрыканскае чумы», – кажа эксперт у сельскай гаспадарцы Аляксандр Ярашук з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Пра выразанне свіней у Беларусі нашыя журналісты казалі неаднаразова. Улады ўсяляк пазбягалі пацверджанняў інфармацыі. А нашых калегаў судзілі за распаўсюд інфармацыі.

Адзін з інтэрнаўтаў, эканаміст Дзмітрый Іванавіч на сваім «Фэйсбуку» заняўся падлікам афіцыйнай колькасці скарачэння пагалоўя свіней на Гомельшчыне і Берасцейшчыне.

За апошні год пагалоўе найбольш скарацілася ў Гомельскім раёне – амаль на сто тысячаў. Дайшло да нуля ў Жыткавіцкім і Калінкавіцкім раёнах. Таксама патавая сітуацыя на Берасцейшчыне: у Баранавіцкім раёне – мінус 71 000, Драгічынскім – мінус 21 000. Значныя скарачэнні ў Ляхавіцкім і Пружанскім раёнах.

Чыноўнікі тлумачаць, што выразанне пад нуль пагалоўя ў Баранавіцкім і Драгічынскім раёнах звязанае са станам комплексаў.

А ў вясковых жыхароў галоўнае пытанне, што з іхнымі гаспадаркамі. Пагалоўе ўжо неаднаразова загадвалі выразаць, хаця афіцыйна чумы няма.

«Рэшта таго свінапагалоўя, якое ўтрымліваецца ў сялянства, у прыватным сектары, будуць канчаткова знішчацца», – дадае Аляксандр Ярашук.

Увоз беларускае свініны ў Расею сёлета ў студзені скараціўся на 45,2 % у параўнанні з леташнім. І хаця ўзнікае пытанне палітычнага ціску Масквы, яшчэ больш гучнае пытанне, што мы насамрэч набываем ды ямо.

Сяргей Падсасонны, фота – Daniel Acker/REUTERS