Расея не жадае, каб Беларусь павярнулася на Захад


Што будзе, калі Беларусь захоча ў Еўразвяз, ды як знайсці мяжу паміж «мяккай беларусізацыяй» і дэрусіфікацыяй? На гэтыя пытанні адказвалі чамусьці не ўлады Беларусі або нашыя суграмадзяне… а амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч. Напярэдадні ў інтэрв’ю тэлеканалу «Russia Today» ён заявіў, што курс Масквы на развіццё стратэгічнага партнёрства з Беларуссю застаецца нязменным, але існуе шэраг перашкодаў. Чым жа занепакоены расейскі амбасадар – а значыць, і сама Расея? Ды ці варта хвалявацца самім беларусам?

Днямі былі вучэнні НАТО ў нашай краіне – аўтарства парталу Lenta.ru. А напярэдадні, за тры дні да сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы, журналісты «Russia Today» спрабавалі вывесці амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча на вострыя заявы.

«Як вы думаеце, ці існуе верагоднасць таго, што Захад паспрабуе разыграць у Беларусі нейкі ўкраінскі сцэнар?», запытаўся ў дыпламата Раман Косараў, карэспандэнт «Russia Today»

На гэта амбасадар адзначыў, што такая небяспека сапраўды існуе.

«Я так скажу – калі б маглі, ужо даўно б разыгралі, аднак асноўнай перашкодаю ў гэтых заходніх сцэнарах ёсць і пазіцыя народу Беларусі, і пазіцыя прэзідэнта Беларусі», – адзначыў Міхал Бабіч, амбасадар Расеі ў Беларусі.

Ці не дзеля павышэння градусу дыскусіі, на даволі стрыманыя адказы Міхаіла Бабіча, журналіст расейскага тэлеканалу задаваў чыноўніку яшчэ вастрэйшыя пытанні? Маўляў, ці не спрабуе Захад уплываць на беларусаў інфармацыйным шляхам, у тым ліку праз… «Тэлеканал «Белсат», што базуецца ў Польшчы». У адказ Міхаіл Бабіч заклікаў суразмоўцу не раздзімаць негатыву з тэлеэкранаў. Разам з гэтым амбасадар прызнае наяўнасць, цытата, «антырасейскай ідэалагічнай адпрацоўкі ў Беларусі», якая нібыта зыходзіць ад «заходніх цэнтраў».

«Разарваць векавыя сувязі паміж нашымі народамі, пасеяць спачатку недавер, потым давесці да варожасці, адарваць тэрыторыю. Адарваць ад Расеі не ў тэрытарыяльным плане, а ідэалагічным, эканамічным. А потым выкарыстоўваць гэтую тэрыторыю як плацдарм. І для ціску на Расею, у тым ліку», – распавёў Міхал Бабіч, амбасадар Расеі ў Беларусі.

Паводле Бабіча, Расея паважае права кожнага народу на выбар уласнага шляху. Аднак інтэграцыя ня менш істотная. У тым ліку – у моўнай сферы. Амбасадар заклікаў «правесці вельмі тонкую мяжу паміж мяккай беларусізацыяй і дэрусіфікацыяй». І на тое ёсць прычыны, лічаць палітолагі.

«Мы цяпер бачым, што дзяржава Рэспубліка Беларусь стварае пэўныя ўмовы для ўмоўнага адраджэння культуры, традыцыяў і гістарычных аспектаў. Пры гэтым яна не перашкаджае займацца беларускай мовай», кажа Вольга Харламава, палітолаг.

Адзначаюць павышэнне ролі беларускай мовы ў жыцці дзяржавы і апытаныя намі менчукі. А вось пагрозы расейскай мове ды культуры ў Беларусі апытаныя намі не заўважылі.

«Наадварот, я лічу, што ў нашай краіне трэба адраджаць родную мову ўсімі намаганнямі».

«Беларусь заўжды была шматкультурнаю краінай. І я мяркую, што ад беларушчыны, ад беларускай культуры, не можа пакутаваць ніякая іншая культура на тэрыторыі Беларусі».

«Беларусы павінныя размаўляць на беларускай мове. Гэта на самой справе вельмі трэба для нас».

Свае прапановы для пашырэння ўжытку беларускай мовы ў краіне мАе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, а з нядаўняга часу – і прэтэндэнтка на прэзідэнцтва, старшыня ТБМ Алена Анісім.

«Павінна быць створанае інфармацыйнае асяроддзе – гучаць больш беларускай мовы з тэлеэкранаў, з радыёэфіру, у тым ліку з FM-станцыяў, таксама каб кабельныя аператары падключаліся. У нас ёсць шмат беларускіх твораў, якія можна экранізаваць, шмат літаратурных твораў», – лічыць Алена Анісім, старшыня Таварыства Беларускай мовы.

Аднак і моўныя пытанні, і пытанні інфармацыйнае бяспекі залежаць перадусім ад пазіцыі ўладаў, залежных ад палітычных працэсаў у вялікага суседа. Кульмінацыя жа гэтай хвалі інфармацыйных укідаў і здагадак адбудзецца ў сераду – калі Лукашэнка з Пуціным чарговы раз паспрабуюць дамовіцца пра энерганосьбіты, пра інтэграцыю… ды хоць пра штосьці.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»