Аб'ектыў 30.12.2017 Расея дапамагае КНДР абыходзіць міжнародныя санкцыі


Расейскія караблі пастаўлялі нафту Паўночнай Карэі ў абыход міжнародных санкцыяў. Агенцтва Ройтэрз, спасылаючыся на ўласныя крыніцы ў еўрапейскіх і паўднёвакарэйскіх службах бяспекі. сцвярджае, што караблі маглі перапампоўваць нафту проста ў адкрытым моры. У падобных дзеяннях заўважаныя таксама кітайскія караблі.

Паводле еўрапейскіх службаў бяспекі, расейскія караблі пастаўлялі чорнае золата ў Паўночную Карэю прынамсі тройчы ўвосень. Да прыкладу, расейскі танкер «Віцязь» 15-га кастрычніка выйшаў у Японскае мора, маючы больш як паўтары тысячы тонаў нафты на борце. На працягу двух дзён маршруту ў «Віцязя» быў адключаны транспондэр. Судна мела перадаць груз паўночнакарэйскаму караблю «Сан-Ма Два».

«Тое, што Расея і раней парушала санкцыі, уведзеныя супраць КНДР, – было вядома. Але гэта была інфармацыя, якая трапляла ў медыі ды не была пацверджаная так, як вось гэты апошні выпадак, які перапампаваў на карэйскі карабель расейскую нафту», – адзначае Яўген Красулін.

І пакуль уладальнік «Віцязя», кампанія «Аліса», зняпраўджвае сам факт транспартавання нафты, Масква паспяшалася пракаментаваць абвінавачанні. У Расеі заявілі, што толькі экспартуюць прадукты нафтапераапрацоўкі, на якія няма поўнай забароны. Падобным чынам дзейнічае і галоўны спонсар Пхеньяну. Хоць Кітай і далучыўся да санкцыяў супраць КНДР, ягоныя танкеры таксама падтрымліваюць таталітарны рэжым чорным золатам. Але адной нафтай справа не абмяжоўваецца

«У апошнія дні ўзнялася тэма ядравых тэхналогіяў у Паўночнай Карэі, не ў апошнюю чаргу дзякуючы Расеі. І тут, вядома, рана ці позна давядзецца нейкую рэакцыю дэманстраваць, наўрад ці гэта будзе нешта вострае, кшталту баявых дзеянняў. Хутчэй і Трамп і іншыя заходнія лідары паспрабуюць выкарыстаць тыя ж інструменты, што ў іх ёсць», – кажа Яўген Красулін.

То бок у новым годзе Расею могуць чакаць новыя эканамічныя абмежаванні. На мінулым тыдні Рада бяспекі ААН пашырыла санкцыі супраць КНДР у адказ на лістападаўскія ракетныя выпрабаванні. Пра ўсе выпадкі імпартавання паліва трэба паведамляць у ААН, а сам Пхеньян трапляе пад практычна поўнае гандлёвае эмбарга. Магчымае парушэнне Расеяй пастановы ААН не здзівіла апытаных намі беларусаў.

Жыхары Менску кажуць:

«Гэта пасьлядоўная палітыка Пуціна, ён кажа, што ў Крыму не было расейскага следу, што на Данбасе не было расейскіх войскаў… »

«Я думаю, што гэта палітыка і бізнес. Нічога асабістага – проста бізнес»

«Калі Расея сапраўды дзейнічае ў разрэз з узятымі на сябе абавязальніцтвамі, значыць трэба на іх нейкім чынам уплываць»

Тым часам Пхеньян называе санкцыі, накладзеныя на рэжым КНДР, актам вайны і абяцае толькі ўзмацняць сваю ядравую праграму. На меркаванне адмыслоўцаў, само існаванне паўночнакарэйскага рэжыму, не кажучы ўжо пра ракетныя выпрабаванні, было б немагчымае без рэгулярнай замежнай дапамогі.

 

Усевалад Шлыкаў «Белсат». Фота – REUTERS/Yuri Maltsev

 

Глядзі таксама
Каментары