Расейцы ратуюць Мадура


Былі ва Украіне, ваявалі ў Сірыі ды Судане, цяпер – дабраліся і да Венесуэлы. Паводле інфармацыйных агенцтваў, сотні наймітаў з гэтак званай групоўкі Вагнэра адправіліся ў Баліварыянскую рэспубліку ратаваць пакуль яшчэ афіцыйнага прэзідэнта Нікаласа Мадура.

Крэсла пад Мадура хістаецца – на дапамогу спяшаюцца расейцы. Днямі Уладзімір Пуцін падтрымаў Мадара праз тэлефон, а ўжо неўзабаве ад словаў перайшлі да справы. Як паведамляе агенцтва “Ройтэрз”, каля чатырох сотняў узброеных байцоў гэтак званай групоўкі Вагнэра тэрмінова прыбылі ў Венесуэлу.

«Нашыя людзі перабываюць там беспасярэдне для абароны Мадура […] Паступіла тэрміновая замова. Падрадчыкі прыляцелі ў Венесуэлу не з Масквы, а з трэціх краінаў, дзе ў іх былі задачы», – распавядае Яўгеній Шабаеў, старшыня агульнарасейскага афіцэрскага сходу.

Паводле звязанага з шэрагам вайсковых кампаніяў Яўгенія Шабаева, расейскія нАйміты адправіліся ў Венесуэлу адразу пасля пачатку пратэстаў. Тое ж сцвярджае і інсайдарскі тэлеграм-канал “ТЭК-ТЭК”, які ўдакладняе:

– вылецела не 400, а 700 байцоў

– мэта – не падтрыманне рэжыму Мадура, а ахова нафтаздабыўных прадпрыемстваў, дзе ёсць інтарэсы «Раснафты»

– у паслугах ПВК зацікаўлены не ўрад, а асабіста Ігар Сечын (кіраўнік «Раснафты»)

Афіцыйныя ўлады Расеі чутак пра вагнераўцаў, вядома, не каментуюць. І на тое ёсць прычыны.

«Гэта фактычна спецпадраздзяленне расейскіх узброеных сілаў, сакрэтнае спецпадраздзяленне, якое наўпрост падпарадкоўваецца генеральнаму штабу расейскага войска», – лічыць Ігар Ільяш, аўтар расследаванняў.

Вынікае, што інтарэсы Расеі ў Венесуэле ўсё ж ёсць. Аднак ці супадаюць яны з інтарэсамі саміх расейцаў?

«Мне падаецца, не трэба. А з іншага боку – трэба».

«Людзі вунь у вёсках з голаду паміраюць, а мы ў нейкі Данбас сунемся. Хай яны самі свае пытанні вырашаюць».

«862-гі год – год зараджэння расейскай дзяржаўнасці ідзе менавіта з таго, што паўночныя славяне амаль дайшлі да тэрыторыі сучаснага Кіева, умешваючыся ў справы іншых дзяржаваў. Так утварылася расейская дзяржаўнасць, хочам мы ці не».

Тым часам свет вырашае, ці прызнаваць новым прэзідэнтам Венесуэлы лідара апазіцыйнага руху Хуана Хэрарда Гуаідо.

На хвалі шырокамаштабных пратэстаў кіраўнік парламенту Венесуэлы абвесціў сябе часовым выканальнікам абавязкаў прэзідэнта, прынёс прысягу ды паабяцаў правесці новыя, свабодныя выбары. МадУра ён паабяцаў калідор бяспекі для ўцёкаў з краіны. Новую ўладу ў Венесуэле прызналі ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Грузія, Украіна і шэраг лацінаамерыканскіх краінаў. На чарзе – Еўразвяз.

«Урад Іспаніі дае Нікалясу Мадура восем дзён, каб абвесціць пра свабодныя, празрыстыя і дэмакратычныя выбары. Калі гэтага не адбудзецца, Іспанія прызнае Хуан Хэрарда Гуаідо ў якасці часовага прэзідэнта, які абвесціць пра выбары», – адзначыў Пэдра Санчэс, прэм’ер-міністр Іспаніі.

Куды менш дзяржаваў падтрымлівае рэжым Мадура. У першую чаргу, гэта эканамічна зацікаўленыя ў статусе-кво Іран, Турцыя, Куба, Мексіка, Турцыя, Расея, Кітай ды… Беларусь. Лукашэнка катэгарычна асудзіў «любое вонкавае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы». Што праўда, якія краіны меў на ўвазе кіраўнік краіны, прэсавая служба Лукашэнкі не ўдакладніла.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»