Расейскія праграмы ў вашай кішэні

Расейскія праграмы – абавязковыя на вашым мабільніку, тэлевізары і ў вашым камп’ютары – гэта амаль рэчаіснасць. Сёння ў Маскве, у Федэральнай антыманапольнай службе адбылося паседжанне з удзелам экспертаў, дзе разглядалі скаргі суседзяў па Еўразійскім эканамічным саюзе – у тым ліку Беларусі – на пратэкцыянізм рыхтаванага Думай закону аб інсталяцыі праграмаў.

Вы толькі купілі мабільнік у афіцыйнай краме – а там ужо стаіць «Яндекс.Браузер» і «Спутник», а ўсе фатаграфіі маюць копію на серверах у Пецярбурзе. Узялі новыя ноўтбукі працаўнікам на фірму – а там антывірус «Касперскі».

З гэтым могуць сутыкнуцца беларусы, бо ў расейскай Думе распрацоўваюць закон аб абавязковай інсталяцыі расейскіх праграмаў, каб прыняць яго ў студзені. На паседжанні Еўразійскай эканамічнай камісіі закон раскрытыкавалі Беларусь, Кыргызстан і Казахстан, бо папраўкі ў расейскае заканадаўства закранаюць усю еўразійскую эканамічную прастору і супярэчаць раней падпісаным дамовам.

«Калі гэтая прадукцыя трапіла на тэрыторыю адзінай мытнай прасторы, незалежна ад таго, на якую – Расеі, Беларусі, Казахстана, яна мусіць быць унутры вольна перасоўвацца», – тлумачыць палітолаг Вольга Харламава.

Раней Расея без кансультацыяў з партнёрамі па Мытным і Еўразійскім эканамічным саюзе ўвяла эмбарга на заходнія харчы. Пацярпелі не толькі расейцы. Гэтак бульдозерамі давяць гусей і сыр, якія былі размытненыя ў Беларусі і ехалі ў Казахстан. І вось – чарговае абмежаванне ў аднабаковым парадку.

«Безумоўна, гэта абмяжоўвае свабодны рынак, свабодны гандаль, але гэта яшчэ і праблема інфармацыйнай бяспекі. Нават у адпаведнасці з беларускай канцэпцыяй інфармацыйнай бяспекі, Рэспубліка Беларусь мусіць кантраляваць інфармацыю, каналы інфармацыі і носьбіты інфармацыі», – папярэджвае Вольга Харламава.

Папраўкі ў закон, які будуць прымаць пасля святаў, ужо падпісаў Уладзімір Пуцін. Вядома, што ён ударыць па прадукцыі кампаніі «Эпл», якая ставіць на «айфоны» і «айпады» па ўсім свеце толькі ўласныя праграмы. Гэта можа стварыць недарэчны прэцэдэнт – мяркуе ІТ-эксперт Сяргей Лаўрыненка:

«Трэба будзе для адной краіны, якая не вельмі вялікі спажывец, рабіць асобную партыю, асобна кантраляваць, каб было інсталявана, і там код не «Эпл», а распрацоўніка з іншага боку».

Магчымыя юрыдычныя, карпаратыўныя і праграмныя праблемы патрабуюць дадатковы кантроль з боку вытворцаў і прадаўцоў, а значыць, дадатковыя кошты лягуць на нас, спажыўцоў. Верагодна, яшчэ танней будзе купляць кампʼютары і смартфоны за мяжой, мяркуе Сяргей Лаўрыненка.

Але найбольшая пагроза – дзірка ў інфармацыйнай бяспецы не толькі для расейцаў, а для ўсяго Еўразійскага эканамічнага саюзу.

«Калі вы карыстаецеся любымі прыладамі ці сервісамі, распрацаванымі ў Расеі, то абсалютна легальна, у прававым полі Расеі доступ да вашых дадзеных мусіць быць у любога следчага ці супрацоўніка спецслужбы», – тлумачыць ІТ-эксперт.

Афіцыйна – усё легальна і карысна. Як распавёў сёння на паседжанні з намеснікамі расейскі прэмʼер-міністр, ён падпісаў Канцэпцыю лічбавай аналітычнай платформы прадстаўлення статыстычных звестак. Яна абʼяднае сродкі прававога, метадалагічнага і інфармацыйна-тэхналагічнага забеспячэння, каб без перапынку сабіраць і апрацоўваць усе дасяжныя звесткі.

«Гэта дазволіць атрымліваць статыстычныя звесткі літаральна ў онлайн-рэжыме, з выкарыстаннем усіх сучасных тэхналагічных рашэнняў, улучна з гэтак званымі рашэннямі ў фармаце вялікіх звестак, або big data… Лічбавая платформа мусіць аўтаматызаваць усе працэсы стварэння, распаўсюджання статыстычных звестак, мусіць быць інтэграваная з сістэмамі органаў улады», – заявіў Дзмітрый Мядзведзеў.

На справе – супраць расейскай кампаніі «Касперскі» Злучаныя Штаты ўвялі «вечныя санкцыі», а Еўрапол адмовіўся ад супрацы, бо «Касперскі» быў замяшаны ў дзяржаўную кампанію кібер-атакаў і масавага сачэння за карыстальнікамі на Захадзе.

Літоўскія службы бяспекі высветлілі, што «Яндэкс-Таксі» збірае і дасылае інфармацыю, якая не датычыцца перавозкі, і можа пагражаць нацыянальнай бяспецы. Нават папулярная праграма «Face App», створаная ў Санкт-Пецярбурзе, была западозраная ў зборы фота для невядомых мэтаў.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Глядзі таксама