Расейскія губернатары арганізавана сыходзяць у адстаўку


Кіраўнікі расейскіх рэгіёнаў зладзілі флэш-моб і як па камандзе сыходзяць у адстаўку. Сёння Уладзімір Пуцін змяніў кіраўнікоў Арэнбургскай і Мурманскай вобласцяў, а раней ад пасадаў адмовіліся яшчэ некалькі губернатараў. Адмыслоўцы звязваюць абнаўленне кіраўніцтва з рэгіянальнымі выбарамі.

У вялікім тэатры сціплай расейскай палітыкі новая пастаноўка. У адстаўку арганізавана сыходзяць кіраўнікі рэгіёнаў. За тры дні свае пасады пакінулі: губернатарка Мурманскай вобласці Марына Коўтун, кіраўнік Арэнбургскай вобласці Юрый Берг, Аляксей Арлоў, які кіраваў Калмыкіяй, алтайскі кіраўнік Аляксандр Берднікаў і чэлябінскі губернатар Барыс Дуброўскі.

На адрас некаторых адстаўнікоў гучаць абвінавачанні ў злоўжываннях. Барысу Дуброўскаму нават прарочаць «казённы дом» – паводле «Новой газеты», ён можа мець дачыненне да парушэнняў антыманапольных законаў падчас дарожнага будаўніцтва ў Чэлябінскай вобласці. Размова пра суму $ 125 млн.

А вось пра Аляксандра Берднікава кажуць проста: ён не змог выцягнуць горнага Алтаю з эканамічнай бездані. Увосень у Расеі – рэгіянальныя выбары, і непрахадным кандыдатам на іх няма месца. Старшыня Савету Федэрацыі Расеі Валянціна Матвіенка заявіла:

«Гэты «зоркапад» скончыцца да сярэдзіны красавіка, кандыдаты будуць рыхтавацца да выбараў» (крыніца rg.ru).

Але, як той кажа, варона з куста, а пяць на куст. У рэгіёны прызначаюць выканальнікаў абавязкаў губернатараў. Падобна, яны і будуць кандыдатамі Крамля на выбарах. Калмыкію, напрыклад, узначаліць сенатар і прафесійны кікбаксёр Бату Хасікаў.

«Намеснік Крамля мусіць дэманстраваць здольнасць дамаўляцца з мясцовымі элітамі і насельніцтвам. У гэтым сэнсе электаральная сістэма ўсё ж працуе. Калі губернатар зусісм ні на што не годны, за яго не прагаласуюць», – пракаментаваў «Белсату» сітуацыю маскоўскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін.

Менавіта гэта і здарылася на губернатарскіх выбарах мінулай восенню. У Хакасіі, Хабараўскім краі і Уладзімірскай вобласці перамаглі кандыдаты ліберал-дэмакратаў і камуністаў. У шэрагу рэгіёнаў Крэмль перад галасаваннем паспеў прызначыць новых, сваіх людзей. Яны набралі галасоў найбольш. Хаця і тут былі промахі – у Прыморскім краі Андрэй Тарасенка не апраўдаў даверу.

Калі наўпроставыя прызначэнні не карыстаюцца папулярнасцю, то адстаўка становіцца галоўным перадвыбарчым інструментам улады. Якія крамлёўскія зоркі яшчэ ўпадуць гэтаю вясной, дакладна невядома. Раней «Известия» апублікавалі спіс магчымых адстаўнікоў, там былі і ўжо былыя губернатары, і дзейныя кіраўнікі Карачаева-Чаркесіі, Архангельскай, Смаленскай і Ульянаўскай вобласцяў ды яшчэ некалькіх рэгіёнаў.

Алесь Яшчанка, Ян Маравіцкі, belsat.eu