Расеі кепска без замежных турыстаў з Беларусі


Расея плануе вярнуць міжнародны пункт пропуску на мяжы з Беларуссю, але пакуль толькі адзін – у Смаленскай вобласці. Калі гэткі пункт запрацуе, замежныя турысты і перавознікі з трэціх краінаў змогуць трапіць праз Беларусь у Расею не толькі самалётамі, але і аўтатранспартам.

Пра тое, што Расея верне міжнародны пункт пропуску ў Смаленскую вобласць, паведаміла адміністрацыя губернатара Аляксея Астроўскага пасля ягонай сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым. Але не абавязкова. Губернатар і прэм’ер разгледзелі гэтае пытанне ў межах зменаў нацыянальнага праекту аб міжнароднай кааперацыі і экспарце. Адміністрацыя Смаленскай вобласці Расеі паведаміла:

«Замежныя турысты ды інвестары не могуць заехаць на тэрыторыю Расеі праз Смаленскую вобласць. Гэта самым негатыўным чынам адбіваецца на прыцягванні інвестыцыяў у рэгіён, а таксама развіцці турыстычнай галіны і міжнароднай супрацы. Між тым, праз Смаленшчыну праходзяць 75 % грузаў з Еўропы ў Расею і 35 % расейскіх грузаў».

Мядзведзеў пагадзіўся вярнуць пункт «Красная Горка», дзе яшчэ ў 2016-м расейскія ўлады без папярэджання сталі разварочваць аўтобусы з турыстамі: напрыклад, на Бранскую вобласць. У студзені 2017-га Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб бязвізавым уездзе ў Беларусь на 5 дзён для грамадзянаў 80 краінаў, каб прыцягнуць заходніх турыстаў. Праз месяц кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў увёў памежны кантроль па ўсёй мяжы з Беларуссю: супраць кантрабанды, наркатрафіку і нелегалаў, але без магчымасці праезду для замежнікаў – і турыстаў, і перавозцаў грузу.

Вось як каментаваў гэтую праблему Аляксандр Лукашэнка 22 верасня 2018 года на нарадзе пасля перамоваў з Пуціным у Сочы:

«У нас фактычна няма беларуска-расейскай мяжы. Але, калі хтосьці едзе, напрыклад, з Нямеччыны, то яго могуць вярнуць з беларуска-расейскай мяжы на латвійска-расейскую мяжу, каб ён перасёк яе там. Гэта нармальна? Гэта ненармальна».

Калі замежнікам можна будзе ехаць праз Красную Горку, у Дзяржаўным памежным камітэце пакуль не ведаюць і кажуць, што каментаваць рана. А вось што лічаць жыхары Віцебску:

«Гэта больш трэба Расеі, чым нам. Гэта ў іх праблемы, санкцыі, то за кошт таго, што транзіт праз Беларусь, то з гэтым звязана».

«Межы мусяць быць. Калі ёсць дамоўленасці, мусіць быць па дамоўленасці».

«Нейкія дробныя прапускныя пункты – можа быць. Але не мытня, гэта дакладна».

«Калі сталі іншаземнымі дзяржавамі, то межы мусяць быць. Якія – гэта іншае пытанне. Візавы рэжым, бязвізавы, але межы мусяць быць».

У памежным канфлікце Расеі і Беларусі быў і ёсць яскравы палітычны складнік, кажа палітолаг Андрэй Ягораў. Дзеянні і Масквы, і Менску супярэчаць логіцы адзінай эканамічнай прасторы Еўразійскага саюзу.

«Калі Беларусь уводзіла бязвізавы рэжым, яна не ўзгадняла гэта з Расеяй, гэтаксама, як і Расея не ўзгадняе сваю замежную палітыку з Беларуссю, хоць у нас і ёсць агульная мытная і памежная прастора», – кажа Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Напрыклад, забарона ў Расеі заходніх харчоў. Або чорныя спісы непажаданых у Расеі ўкраінцаў, якіх у выніку затрымліваюць у Беларусі, часам з дэпартацыяй. Еўразійскі эканамічны саюз, які мусіў стварыць агульны рынак, для беларусаў ператварыўся ў абарону расейскіх вытворцаў.

«Гэта стварае праблемы для беларусаў, якія прызвычаіліся да больш якаснай заходняй прадукцыі. А пратэкцыянізм Еўразійскага рынку не дазваляе яе купляць. Напрыклад, усе адчулі гэта ў гісторыі з еўрапейскімі аўтамабілямі», – каментуе Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Пытанне мяжы з Расеяй у кастрычніку абмяркоўвалі ў Палаце прадстаўнікоў Беларусі. Тады кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту заявіў, што пункт пропуску з беларускага боку ў прынцыпе не патрэбны.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu