Аб'ектыў 14.01.2020 Пуцін няўмольны: ніякай нафты без поўнай інтэграцыі


Не камерцыйная спрэчка, а палітычны ціск. Гэтак скарачэнне паставак нафты ў Беларусь пракаментавала расейская газета «Коммерсантъ». Чаму Крэмль загадаў прыватным кампаніям не пастаўляць сыравіну ў Беларусь?

Не прадаваць сыравіны ў Беларусь, пакуль тая не «уладзіць супярэчнасцяў» адносна паглыблення інтэграцыі. Такое ўказанне, паводле газеты «Коммерсантъ», даў расейскі ўрад усім нафтавым кампаніям.

«Калі такі ціск сапраўды мае месца, то гэта палітычная справа, гэта палітычны шантаж, выкарыстанне паставак нафты ў якасці палітычнага інструменту», – лічыць маскоўскі эканамічны аналітык Міхаіл Круціхін.

Інфармацыяй пра палітычную падаплёку канфлікту «Белнафтахім» не валодае – заявілі нам у канцэрне. Нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць з мінімальнаю загрузкай, але новага скарачэння паставак не адбылося.

«Пакуль гаворка пра тыя пытанні, якія былі развязаныя праз «РуссНефть» і свае запасы. […] Забяспечваецца ўнутраны рынак, а тое, што звязана з экспартам, – усё на мінімуме», – паведаміла прэс-служба «Белнафтахіму».

Прадаваць паліва за мяжу беларускія НПЗ перасталі, каб удома не ўзнікла дэфіцыту. Даставіць 750 тысяч тонаў сыравіны ў Беларусь пагадзіліся толькі кампаніі «РуссНефть» і «Нефтиса» расейскага бізнесоўца Міхаіла Гуцэрыева. Дзяржаўная кампанія «Транснефть» спыніла пастаўкі 1 студзеня.

«У найлепшыя часы экспарт нафтапрадуктаў складаў траціну ад агульнага экспарту», – нагадвае эканамічны аглядальнік парталу Tut.by Аляксандр Заяц.

У мінулым годзе Беларусь экспартавала паліва на 9 мільярдаў долараў. Закупіла расейскай нафты амаль на 6 мільярдаў. Ці рыхтуецца беларускі бюджэт да найбольш жорсткага сцэнара – страты больш як 3 мільярдаў долараў?

«Ніякіх рашэнняў, звязаных са змяненнем умоваў паставак нафты мы не прымаем. Працуем паводле зацверджанага бюджэту. Неабходнасці ў экстраных зменах бюджэту таксама няма», – заявіў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

Прапанову даставіць у нашую краіну нафту ўрад выслаў ва Украіну, Польшчу, Казахстан, Азербайджан і дзяржавы Балтыі. Транспарт нафты падчас свайго візіту ў Менск абмяркуе прэм’ер Латвіі Крышʼяніс Карыньш.

«Расейская нафта таннейшая за нафту, якую Беларусь купляла б на сусветным рынку. Ёсць яшчэ адзін нюанс: альтэрнатыўныя пастаўкі нафты хутка не арганізуеш», – падкрэслівае Аляксандр Заяц.

Чаму ж Менск не пагаджаецца падпісаць трох дзясяткаў дарожных мапаў аб паглыбленні інтэграцыі з Крамлём?

«Павялічыцца эканамічная залежнасць Беларусі ад Расеі. Услед за эканамічным заканадаўствам ідзе і палітыка. А калі будзе падпісаная і 31-я дарожная карта, то ад беларускага суверэнітэту застануцца рожкі ды ножкі», – прадказвае палітолаг Валер Карбалевіч.

Але ў Аляксандра Лукашэнкі таксама ёсць рычагі ўплыву на Крэмль. Праз беларускі ўчастак нафтаправоду «Дружба» Расея штогод пастаўляе на Захад 66 мільёнаў тонаў сыравіны. Гэта 40 адсоткаў расейскага нафтавага экспарту.

«Беларускі бок хоча павысіць тарыфы на транзіт расейскай нафты. Расейскія кампаніі супраціўляюцца. Гэта нядрэнны рычаг. Акрамя таго, на беларускай тэрыторыі знаходзяцца два расейскія ваенныя аб’екты. Наколькі мне вядома, беларускі бок разглядае розныя варыянты цаны існавання гэтых абʼектаў», – паведамляе Валер Карбалевіч.

Расейская нафта Беларусі жыццёва неабходная, як Расеі неабходны транзіт і супраца Менску – падкрэслівае палітолаг. Кампраміс будзе дасягнуты, але якім коштам – эксперт прадказаць не бярэцца.

Аляксандр Папко belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары