Прыватны сектар Магілёва вучаць раздзельнаму збору смецця


У Магілёве наступае новая эра збору смецця: усяму прыватнаму сектару раздаюць бясплатныя пластыкавыя кантэйнеры для сартавання адкідаў і другасных рэсурсаў. Як жыхары ўспрынялі новаўвядзенне і ці спрыяе гэта падтрыманню чысціні ў горадзе, высвятляла Вольга Васільева.

Пенсіянерка Ніна Талкачова жыве ў прыватным сектары Магілёва. Усё сваё смецце яна збірае ў пакеты, каб раз на тыдзень выставіць іх на вуліцу. Калі пакет не разарвуць бадзяжныя жывёліны, то яго падбярэ смеццявоз.

«Усё вось сюды вось я стаўлю смецце. Выносім, і раніцай яны забіраюць. На ноч небяспечна, бо сабакі ўсё могуць развараць», – кажа мясцовая жыхарка Ніна Талкачова.

Увосень на Спецаўтапрадпрыемстве жыхарам прыватнага сектара Магілёва пачалі выдаваць кантэйнеры для асобнага збору смецця.

«У нас напісана: шкло, пластык, метал, папера – жоўты кантэйнер і для збору ўсіх астатніх адкідаў – гэта арганічных, раслінных адкідаў – шэры кантэйнер», – кажа начальніца саначысткі Святлана Чэпікава.

Кантэйнеры разлічаныя на 120 літраў. За звычайным смеццем будуць прыязджаць паводле старога графіку – раз на тыдзень. А другасныя адкіды плануецца забіраць не радзей за раз на месяц.

«Мы гэтыя ўсе адкіды будзем везці на сартаванне на Магілёўскі смеццеперапрацоўчы завод, і яны ўжо там будуць усё сартаваць», – кажа начальніца саначысткі Святлана Чэпікава.

Каб атрымаць кантэйнер, уласнік домаўладання павінен заключыць дамову са Спецаўтапрадпрыемствам.

«Трэба разбірацца, як, што сартаваць. Гэта не адразу ўсё робіцца, але так нармальна, напэўна, будзе. Не будзе гэтых брудных пакетаў, асабліва летам. Калі смурод такі вось».

«Прыехалі і заключылі – ніякіх праблем. Ну проста адзінае, вядома, сказалі, што будуць ездзіць да ляжачых хворым, хто не зможа», – кажуць жыхары прыватнага сектару.

Хто не можа забраць кантэйнер самастойна, чакае, пакуль яму прывязуць яго дахаты. У дамове пазначана, як правільна сартаваць смецце, а таксама прапісаная адказнасць грамадзяніна за маёмасць. Кошт аднаго кантэйнера – каля 40 рублёў.

«Бясплатна, бясплатна, але адказваць трэба. Розны народ бывае, хоць яны кажуць, што там пранумараванае ўсё. Нармальна, я спадзяюся, усё будзе добра. Затое зручна – цывілізацыя», – кажуць жыхары прыватнага сектару.

Зарганізаваць раздзельны збор смецця ў прыватным сектары Магілёўскаму спецаўтапрадпрыемству замовілі ва ўрадзе. Грошы вылучыла дзяржаўная ўстанова «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

«З верасня правялі конкурсы, вызначылі пастаўляльнікаў, конкурс быў адкрыты. На жаль, ніхто з беларускіх вытворцаў не змог такую колькасць вырабіць», – кажа дырэктар Спецаўтапрадпрыемства Генадзь Іванчанка.

У выніку вялікую партыю замовілі ў Татарстане. Да канца года 7,5 тысяч дамоў забяспечаць такімі кантэйнерамі, а ў наступным – астатнія 15 тысяч.

Вольга Васільева belsat.eu