Прысяга падчас дыктатуры


8 тысяч беларускіх прызыўнікоў і службоўцаў рэзерву сёння прынялі Вайсковую прысягу на вернасць беларускаму народу. Сёлетнія ўрачыстасці адрозніваюцца захадамі супраць каронавіруса, але не толькі. Ёсць імавернасць, што частку гэтых навабранцаў прымусяць разганяць мірныя пратэсты, і супрацьстаяць сябрам, родным і блізкім.

Галоўная задача беларускага войска – падрыхтоўка да сумесных з Расеяй вучэнняў «Захад-2021». Пра гэта заявіў намеснік міністра абароны, прымаючы прысягу навабранцаў у 72-м аб’яднаным вучэбным цэнтры пад Барысавам, больш вядомым як Печы.

«Учорашнія хлопчыкі ўзялі на сябе абавязак абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Беларусі», – казаў з трыбуны Сяргей Патапенка.

Але, хоць вайскоўцы і прымаюць прысягу на вернасць беларускаму народу, генералы кідаюць іх супраць народа. Сёлета ў разгонах мірных пратэстаў удзельнічалі не толькі міліцыянты і ўнутраныя войскі, але і непасрэдна сілы і сродкі Міністэрства абароны Беларусі. Пра гэта сведчыць і расследаванне газеты «Новы Час», заснаванае на сотнях відэафайлаў і фотаздымкаў, зробленых у жніўні і верасні.

«Напрыклад, у Берасці былі задзейнічаныя вайскоўцы 38-й асобнай мабільна-дэсантнай брыгады, якія таксама выкарыстоўваліся для зачысткі тэрыторыі ад пратэстоўцаў, для кантролю мясцовасці. Спярша дзейнічалі байцы спецпадраздзяленняў, АМАПу, разганялі пратэстоўцаў у цэнтры гораду», – распавядае аўтар расследавання Дзяніс Івашын.

Ідэнтыфікаваць бронеаўтамабілі ды БТРы з буйнакалібернымі кулямётамі, якія належаць Міністэрству абароны, а не ведамству ўнутраных справаў, можна праз іх унікальны камуфляж. На гэтай бронетэхніцы на вуліцах Горадні на людзей палявалі зводныя групы з вайскоўцаў, міліцыі і спецслужбаў. Тады, напрыклад, адбыўся інцыдэнт з нападам людзей у балаклавах на машыну з 5-гадовай дзяўчынкай. Машыну яшчэ і тараніў вайсковы бронеаўтамабіль.

«Рэжым Лукашэнкі хоча максімальна запляміць і вайскоўцаў, камандны склад падраздзяленняў Узброеных сілаў Беларусі», – мяркуе Дзяніс Івашын.

Таксама ў войску спрабуюць перавыхаваць тых, хто хоча змены ўлады.

«Прыходжу на наступны дзень ва Ўніверсітэт, а ўсіх, хто быў затрыманы на маршы, усіх адлічваюць, без магчымасці апраўдаць. Перада мной заходзіў мой аднагрупнік, і ад яго я даведаўся, што на месцы, дзе цябе адлічваюць, сядзіць ваенком – ваенны камісар, і проста на месцы выдае павесткі ў армію», – распавядае Мацвей Бялоў – студэнт апошняга курсу БНТУ, удзельнік пратэстаў.

Пасля затрымання Мацвей не пайшоў па павестку, а вырашыў уцячы ў Польшчу. Калі быў у прытулку для палітуцекачоў у Беластоку, бацькі Мацвея атрымалі загад аб адлічэнні на ягонае імя, і позву ў ваенкамат, і даведаліся і аб крымінальным пераследзе за ўхіленне ад службы.

«У мяне сябар выйшаў, і кажа, што іх прымушаюць біць мітынгоўцаў, або будуць біць цябе. А ўлічваючы, што ў мяне ёсць артыкул за ўдзел у мітынгах, яшчэ невядома, што за мной у гэтай арміі зробяць», – кажа адлічаны студэнт.

Што думаюць грамадзяне пра дзеянні Унутраных войскаў? Мы спыталі жыхароў і гасцей Менску:

«Яны пачнуць думаць зусім іначай пасля. І мусяць быць патрыётам сваёй Радзімы. Для гэтага трэба адслужыць… Я і сам служыў ва Ўнутраных войсках».

«Няхай ім ужо 18 гадоў, яны поўнагадовыя. Але гэта нашыя дзеці. І яны ганяюць людзей, старых… Гэта непрымальна для любой краіны».

«Пытанне да камандзіраў, якія загады ім аддаюць, і якія загады яны атрымліваюць зверху».

Паводле Міжнароднага права, злачынны загад не вызваляе выканаўцу ад адказнасці. І любы службовец мае права адмовіцца ад выканання злачынных загадаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».