Прысуд за надпіс «Не забудзем» абвесцяць у аўторак


Па паўтара года хіміі Дзянісу Граханаву ды Ігару Самусенку і два гады ўзмоцненага рэжыму Уладзіславу Гулісу – такія пакаранні запрасіла пракурор за надпіс «не забудзем» ля станцыі метро «Пушкінская». Прысуд у справе маюць абвесціць у аўторак.

 

«Каб іншыя баяліся, для застрашвання, я так лічу, для застрашвання іншых», – ацэньвае суд маці аднаго з падсудных Дзіна Граханава.

У цэнтры — палітвязень Дзяніс Граханаў, злева — Ігар Самусенка, справа — Уладзіслаў Гуліс.
Фота: spring96.org

Дзеянне трох мужчынаў следства палічыла хуліганствам і псаваннем маёмасці, а сам надпіс – цынічным.

«Гэты надпіс ні ў якім разе не цынічны, нікога ён не абражае, і ён не ўпершыню быў напісаны, проста прычапіліся да гэтых хлопцаў. Былі надпісы і раней зробленыя, і іншыя, там увесь пляц гэты зафарбаваны ўжо. Я лічу, што гэта несправядліва», – кажа Дзіна Граханава.

Прадстаўнік «Гаррамаўтадару Менгарвыканкаму» настойвае на аплаце нанесенай шкоды – 255 рублёў 99 капеек. Асноўная частка сумы – нібыта за выкарыстанне высокатэхналагічных сродкаў для выдалення надпісу.

«Кажуць, што нібыта там «Kärcher» прыганялі: гэтага не было. Тое, што засыпалі пяском, я бачыў, а «Kärcher» пачалі прыганяць чатыры дні таму», – сцвярджае сябра Дзяніса Граханава Сяргей Дзеркач.

Крымінальную справу распачалі супраць гарадзенца Юрыя Панасюка. Вінавацяць яго ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі. Паводле следства, на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Юрый размясціў выявы ў адрас Лукашэнкі з ненарматыўнаю лексікай і негатыўнай ацэнкай. Юрый Панасюк мае трэцюю групу інваліднасці са студзеня пасля агляду ў гарадзенскім абласным клінічным цэнтры «Псіхіятрыя-наркалогія».

«Мяне выклікалі ў аддзяленне барацьбы з арганізаваным злачынствам на вуліцы Ажэшка і ў Следчы камітэт. І справу пракуратура перадала ў суд», – распавядае Юрый Панасюк.

Сям’я Чавускіных са Жлобіна – Наталля і Дзмітрый – самыя звярнуліся ў суд праз незаконнае звальненне. Сужэнства зрабілася беспрацоўным напрыканцы лістапада, пасля дзясятка гадоў беззаганнай працы ў Жлобінскіх электрасетках. У кастрычніку жлобінскі суд пакараў іх арыштам за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Нас проста звольнілі, бо так было трэба. Хоць мы заслугоўвалі, каб з намі хаця б проста пагаварылі. А той факт, што за ўвесь час у нас не было ніводнага спагнання, кажа пра тое, што мы добрыя працаўнікі», – лічаць Наталля і Дзмітрый Чавускіны.

Фармальна сужэнства звольнілі, спаслаўшыся на рашэнне антыкарупцыйнай камісіі, за тое, што Наталля – начальніца свайго мужа.

«Тут цэлы букет парушэнняў у тым ліку забароненая дыскрымінацыя паводле палітычных матываў наймальнік не разглядаў іх прафесійныя якасці, галоўны крытэр для наймальніка быў той факт як указаў начальнік міліцыі – радыкальна настроеныя працаўнікі», – сцвярджае праваабаронца Леанід Судаленка.

Пра пагаршэнне цягам апошніх тыдняў сітуацыі ў Беларусі заявіла вярхоўны камісар ААН у галіне правоў чалавека Мічэль Бачэле (Michelle Bachelet). Яна адзначыла выкарыстанне сілы падчас затрыманняў і неналежныя ўмовы ўтрымання пад вартай і тое, што ейная каманда не мае дазволу ад уладаў Беларусі на ўезд у краіну. На 46-тую сесію Рады ААН у пытанні правоў чалавека Мічэль Бачэлет мае падаць пісьмовы даклад пра сітуацыю ў Беларусі пасля выбараў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!