Прысуд па справе Уцюрына


Усе шаснаццаць фігурантаў прызнаныя вінаватымі ў атрыманні або даванні хабару. Аднак трое вызваленыя ў зале суда. Выпушчаныя два прадстаўнікі расейскіх фірмаў паводле амністыі ды з улікам ужо адбытага пакарання. А працаўнік Нацбанку Ігар Кудасаў вызвалены ад пакарання з-за сканчэння тэрміну даўніны.

Падчас суда Кудасаў сваёй віны цалкам не прызнаваў. Яшчэ адзін мяккі прысуд – штраф пяць базавых велічыняў атрымаў Сяргей Шаркоў, грамадзянін Латвіі, якога суд прызнаў вінаватым у даванні хабару на суму 5 тысяч базавых велічыняў.

«У большасці выпадкаў прысуд пастаноўлены ў адпаведнасці з пазіцыяй боку дзяржаўнага абвінавачання як у класіфікацыі дзеянняў, так і ў прызначаным пакаранні. Прысуд Вярхоўнага Суда ўступае ў законную сілу з моманту яго абвяшчэння і не падлягае абскарджанню ў апеляцыйным парадку і апратэставанню», – заявіў пракурор Кірыл Чубкавец.

Самы вядомы фігурант – экс-кіраўнік службы бяспекі Лукашэнкі – Андрэй Уцюрын. Паводле суда, ён браў хабары агулам на суму 192 тысячы долараў. Ён пазбаўлены звання палкоўніка і асуджаны да 12 гадоў калоніі.

«Фактычна чалавек, Уцюрын, які не падпісваў ніякіх папераў, ніякіх дакументаў, не даваў нават загадаў наўпрост, ён проста тэлефанаваў і намёкамі-паўнамёкамі людзям, міністрам нават падказваў, што трэба звярнуць увагу на гэтую кампанію, трэба вырашыць праблемы гэтай кампаніі», – кажа Ігар Ілляш, аглядальнік «Белсату».

Два вядомыя фігуранты справы: былыя працаўнікі Нацбанку – Фелікс Каспяровіч і Андрэй Падгорны. На дваіх яны набралі хабараў на суму больш за 800 тысяч долараў ад фірмаў, якія аказвалі дзяржаўным структурам паслугі ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў.

«Бізнесоўцы хацелі і потым працаваць з дзяржаўнымі ўстановамі, таму яны разлічвалі, што калі рэгулярна будуць даваць адкаты, то ніякіх праблемаў у будучыні не ўзнікне, а па-другое, гэта быў фактычна гандаль інсайдарскай інфармацыяй», – кажа Ігар Ілляш, аглядальнік «Белсату».

Чыноўнікі ды прадстаўнікі камерцыйных структураў, якія атрымалі рэальныя тэрміны, будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да некаторых ужытая амністыя тэрмінам адзін год.

Наста Кахановіч, «Белсат»