Прысуд нарвежцу, якога вінавацілі ў педафілі

6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму – такі прысуд вынесены Дагу Вівэштаду. 71-гадовага нарвежца, якога абвінавачвалі ў педафіліі, прызналі вінаватым у хуліганстве. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суд Маскоўскага раёну Берасця. Перакваліфікаваць абвінавачанне на працэсе прасіў пракурор.

«Насамрэч, гэта апраўдальны прысуд. Была рызыка пакарання ад 8 да 15 гадоў, і мы баяліся, што будзе абвінаваўчы вердыкт. Усе шанцы былі супраць яго, калі пачаўся суд. Але па меры разгляду справы ў судовай зале стала відавочна, што абвінавачанне не мае сапраўдных доказаў. Уся справа ўзнікла з прычыны непаразуменняў, моцных эмоцыяў і нявызначанасці ў спалучэнні з алкаголем. Калі суду ўдалося зняць усе выстаўленыя абвінавачанні, ён, на шчасце, прыйшоў да разумнай высновы», – пракаментаваў вырак Брунюльф Рыснэс, адвакат Дага Вівэштада.

Тэрмін перабывання ў СІЗА абвінавачанаму залічаць у тэрмін пакарання. Гэткім чынам за кратамі Дагу Вівэштаду засталося сядзець крыху больш за месяц.

«Мы не змаглі з ім паразмаўляць. Ніводнаму з ягоных адвакатаў таксама не далі доступу да яго. Гэтак працуе беларуская сістэма правасуддзя. Пакуль каму-небудзь дазволяць пабачыцца з ім, можа прайсці дзесяць дзён. Застаецца толькі сядзець і чакаць. Нічога больш мы зрабіць не можам», – сказала сястра Дага Вівэштада Аннэ Гледыч.

Сястра ўпэўненая – непаразуменне адбылося праз розніцу культураў. Паводле жонкі, Вівэштад падчас вандроўкі ў берасцейскім гатэлі «Беларусь» сустрэў групу дзяцей. Са старэйшай дзяўчынкай ён пагутарыў па-англійску і ад захаплення ейным веданнем англійскай мовы пацалаваў школьніцу ў шчаку. За гэта нарвежца з сябрам збілі.

Паводле інфармацыі радыё «Свабода», сям’я пацярпелай у судзе крычала «Ганьба!» Імаверная бабуля дзяўчынкі пасля абвешчання прысуду праз плач сказала:

«Я паеду ў Менск да прэзідэнта, упаду там. Пракурор, вы ж жанчына!​ У майго сыночка было вяселле​… А гэты вырадак, яму 71 год, ён пайшоў у стрыптыз-бар, скраў дзіця! Ваш суд прадажны!»

Законнай моцы прысуд яшчэ не набыў, сваякі дзяўчынкі збіраюцца яго абскарджваць. Ад каментароў медыям родныя адмаўляюцца.

Анастасія Русецкая belsat

Глядзі таксама