У другую хвалю пандэміі Аляксандр Лукашэнка ездзіць па медычных установах штотыдзень. Сёння ён наведаў 4-ы клінічны шпіталь Менску.
Лукашэнка зноўку здымаў маску і пальчаткі, каб пагладзіць цяжка хворых на ковід. Гэтую жанчыну здымалі на відэа, якое прэс-служба Лукашэнкі апублікавала пад назваю «Прэзідэнт-валанцёр».
«Яна размаўляла са мной і не зразумела, з кім», – смяяўся Лукашэнка, здымаючы маску над хворай жанчынай.
Лукашэнка паабяцаў часцей хадзіць да інфікаваных каронавірусам, каб яны хутчэй выздараўлівалі. Лекарам Лукашэнка даў параду: не ператрымліваць хворых у медычных установах і адпраўляць далечвацца дадому, бо афіцыйная статыстыка выздараўлення ад ковіду вельмі добрая. А ложкаў можа ўсім не хапіць.
Палітыкі не мусяць умешвацца ў працу медыкаў, каментуе гэтыя заявы Святаслаў Протас, былы старшыня санітарна-эпідэмічнай службы Украіны.
«Каронавірус – асабліва небяспечная інфекцыя. Мы мусім казаць, што медычная ўстанова выконвае нейкую функцыю ізаляцыі хворых. Пацыент мусіць пакідаць шпіталь, калі ён не заразны», – тлумачыць Святаслаў Протас.
Таксама сёння Лукашэнка заявіў, што беларускія навукоўцы могуць самі распрацаваць вакцыну ад Ковід-19 і распачаць яе вытворчасць, бо, цытата, «гэтая зараза застанецца з намі назаўжды».
«Мне складана каментаваць навуковы патэнцыял Беларусі ў частцы магчымасці сінтэзу імунна-біялагічных прэпаратаў. Але калі б гэты патэнцыял быў, то што замінала год таму пачаць гэтую распрацоўку і сёння выходзіць на фінальную стадыю?» – здзіўляецца Святаслаў Протас.
У бліжэйшы чацвер у адміністрацыі Лукашэнкі будуць вызначацца: ствараць прышчэпку ад каронавіруса, наладжваць у нас вытворчасць расейскай вакцыны «Спутнік V» ці купляць яе ў Масквы. А вы гатовыя прышчапіцца прэпаратам беларускай ці расейскай вытворчасці? Вось што кажуць жыхары і госці Менску.
«Я давяраю нашым лекарам, бо да нас прыяжджаюць рабіць аперацыі з той жа Расеі, Украіны, у нас усё дасяжна. Дзякуй нашаму прэзідэнту».
«Расея яшчэ не вынайшла сваю вакцыну, а вы хочаце, каб Беларусь вынайшла?»
«Вакцыну ствараюць гадамі, і выпрабоўваюць. Галоўнае, каб яна не прыносіла шкоды».
«Пра расейскую вакцыну вельмі добры рэпартаж у Піваварава быў, калі ён сабе рабіў гэтую вакцыну, і самі спецыялісты яму казалі – вы самазабойца. І чалавек потым сядзеў, як і Эйсмант, хварэў. У даволі цяжкай форме».
«Нашыя распрацоўкі на базе чаго? На базе расейскіх. А расейскае… было кепска, а цяпер добра, давайце выпрабуем на сабе, на шматпакутным нашым народзе».
Сапраўды, яшчэ ўвесну падчас абвастрэння стасункаў з Пуціным Лукашэнка лаяў расейскую сістэму аховы здароўя і казаў, што там нават тэсты на каронавірус, цытата, «ні к чорту».
«Сістэму нават у пост-савецкіх рэспубліках, акрамя нас, разбурылі ўшчэнт. Інфекцыйныя шпіталі знішчылі, адмыслоўцы раз’ехалісь, мікрабіёлагаў, вірусолагаў эпідэміёлагаў ніхто не рыхтаваў», – так Лукашэнка даваў устаноўку чальцам ураду 17-га сакавіка, наведваючы шклозавод «Нёман».
Сёння ж Расейскі фонд наўпроставых інвестыцыяў заявіў, што іх вакцына «Спутнік V» паказала эфектыўнасць на 91,4 %, а супраць цяжкіх выпадкаў інфікавання каронавірусам – усе сто!
Яраслаў Сцешык belsat.eu