Прынамсі 10 абаронцаў незалежнасці сустракаюць Новы год за кратамі


Прынамсі 10 асобаў, абаронцаў незалежнасці Беларусі, не далучацца да сямейнай святочнай вячэры. Новы год яны правядуць за кратамі, без сваякоў, а некаторыя і без пачастункаў, якія намагаліся ім перадаць на той бок. Свята ў СІЗА пройдзе без блізкіх і шакаладу. Але з любоўю да Айчыны.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

З Гомельскага Ізалятару часовага ўтрымання праваабаронца Леанід Судаленка вярнуўся з чым пайшоў: пітною вадой, шакаладкаю, сокам і газіроўкай. Начальнік Ізалятару адмовіў у перадачы пачастунку для блогера Сяргея Ціханоўскага, арыштаванага на 15 содняў. Праваабаронца абураецца:

«Кіраўнік МУС Караеў казаў, што трэба быць бліжэй да народа, трэба ствараць пазітыўны вобраз міліцыі, каб людзі паважалі… За што паважаць начальніка Гомельскага ІЧУ, калі ён забараніў перадаць нават картку тэлефонную?!»

І пазбавіў Сяргея Ціханоўскага магчымасці павіншаваць сям’ю са святамі. Агулам 10 асобаў – закладнікі падобнай сітуацыі, удзельнікі мітынгаў і шэсцяў супраць глыбокай інтэграцыі з Расеяй. Падчас акцыі 8 снежня сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец гучна прамаўляў:

«Досвед такіх акцыяў паказвае, што цярпяць арганізатары. Мы гатовыя браць на сябе такую адказнасць. Мы гатовыя сядзець суткі. Мы гатовыя збіраць грошы на штрафы дзеля таго, каб гэтая акцыя прайшла».

Побач з ім знаходзіўся кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. Абодва атрымалі па 15 содняў – паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Цягам месяца ў сталіцы і яшчэ некалькіх гарадах адбылося 5 мірных (якія дазваляе Канстытуцыя) акцыяў за незалежнасць. Цісканіну і дробныя правакацыі насуперак Канстытуцыі арганізавалі спецслужбы.

Слухаць феерверкі з-за кратаў будуць таксама актывісты кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і Леанід Кулакоў. 15 содняў у няволі далі адказнаму сакратару ўправы КХП-БНФ Алесю Чахольскаму. На «сутках» актывіст «Legalize Belarus» Стась Шашок і маладафронтавец Максім Урбановіч. У апошняга сёння меўся быць чарговы працэс, але ў ліку дзясяткаў іншых справу актывіста перанеслі на паслясвяточныя даты (відаць, больш зручныя для суддзяў).

Судзіць у студзені будуць блогера «Шэрага ката» Змітра Казлова, які адбывае невядомы па працягласці тэрмін у Воршы. А таксама шэраг вядомых дзеячаў, як Уладзімер Някляеў, Пётра Садоўскі. Ад сябе асабіста і ад усёй праваабарончай супольнасці Леанід Судаленка віншуе ўсіх актывістаў, якія цяпер за кратамі:

«Безумоўна, яны героі, бо яны вымушаныя адбываць адміністрацыйныя пакаранні ў Новы Год менавіта за абарону незалежнасці сваёй краіны. Мы кажам – вы героі. Я заклікаю ўсіх людзей дасылаць ім паштоўкі, праяўляць салідарнасць іншымі спосабамі».

«Бо хто не любіць волі, той не нашага роду», – казаў класік Янка Купала.

Юлія Цяльпук belsat.eu