Прыкладанне для самых маленькіх - незвычайныя сюрпрызы на Ноч музеяў


Воўк, жораў, чапля… Героі беларускіх народных казак сталі бліжэйшыя да маленькіх гледачоў. Гэтак прыватная IT-кампанія «Apalon» прэзентавала казачны мабільны дадатак для дзетак.

«Гэта некамерцыйны праект, гэта інвестыцыя Апалону ў беларускую мову, беларускую літаратуру, у тое, каб захаваць і распаўсюдзіць беларускую спадчыну», – кажа Алег Сосна, дырэктар прадуктаў кампаніі «Apalon».

Начытванне і музычнае афармленне зрабілі Алег Хаменка і гурт «Палац», ілюстрацыі стварыла Вольга Няснова.

Штогадовая акцыя Ноч музеяў прыцягнула не толькі аматараў народных казак. Імпрэзы тут на кожны густ і ўзрост: лекцыі, канцэрты, перформансы, віртуальная рэальнасць і абавязкова шмат інтэрактыву. У розных залах мастацкага музею наведнікам прапаноўваюць далучыцца да сучаснага мастацтва і стварыць уласны твор. Як, напрыклад, і тут.

Нацыянальны мастацкі музей удзельнічае ў акцыі 14-ты раз. Прададзеных загадзя квіткоў на імпрэзу сёлета ў тры разы больш, чым летась. Культурніцкая ўстанова зладзіла свята з размахам.

«Ёсць тыя пачуцці, якія чалавек перажывае, калі трапляе ў музей, у музейную прастору, пасярод унікальных экспанатаў каштоўных. Нашая задача была ў рамках гэтай праграмы ўзмацніць гэтае пачуццё», – кажа Сяргей Вечар, намеснік генеральнага дырэктара мастацкага музею.

Сярод наведнікаў акцыі і дасведчаныя музейнікі і навічкі.

«Звычайна ў музеі не ходзім, і на Ночы музеяў таксама ніколі не былі. А тут усё весела, шмат розных двіжух»

«Як у сваёй атмасферы, захапляешся тым, што ў Беларусі ёсць такія скарбніцы»

«Ходзім ужо некалькі год, і гэта ў нас сямейная традыцыя.Пакуль мне спадабаліся пачуцці, астатняе варта перагледзець»

«Першы раз у мяне такое, каб я на Ноч музеяў хадзіў. Цікава, я хачу яшчэ на плошчу Перамогі схадзіць, я думаю, там таксама штосьці будзе цікавае»

Уваход у еўрапейскія музеі падчас гэтай акцыі звычайна бясплатны. У Беларусі ж у большасць установаў варта было заплаціць – ад двух рублёў. Квіток жа ў мастацкі музей каштаваў ажно 15 рублёў.

«Рыхтуем нейкія праекты лакальныя, якія аб’ядноўваем адной тэмай, і канешне, падрыхтоўка такіх праектаў – гэта справа, разумееце, у пэўным сэнсе, затратная, таму, натуральна, на жаль, бясплатна мы не можам гэтага зрабіць», – кажа Сяргей Вечар.

Адметнасць сёлетняй акцыі, паводле каардынатараў, у тым, што да Ночы музеяў далучаюцца ўсё больш не музейных пляцовак: парк «Дрымлэнд» і сталічная Ратуша.

Наста Кахановіч, belsat.eu