Аб'ектыў 09.10.2018 «Прыйшоў на возера – і адзін жах. Усе берагі пакрытыя дохлаю рыбай»


Масавы замор рыбы на Гомельшчыне. Гэтым разам у вёсцы Ярохава. Упадабанае дачнікамі і пенсіянерамі месца адпачынку пацярпела ад… пакуль невядома чаго. Але мясцовыя жыхары ўскладаюць адказнасць на сельска-гаспадарчае прадпрыемства.

І меншыя, і большыя, драпежнікі ды карасікі… Уся рыба брухам уверх.

«Прыйшоў на возера – і адзін жах. Усе берагі пакрытыя дохлаю рыбай. Ад чаго? Чаму? Такі дождж прайшоў ці што?» –

задае саркастычнае пытанне мясцовы жыхар Міхаіл і распавядае, як на ўласныя вочы бачыў, што тыдзень перад інцыдэнтам трактар мясцовай гаспадаркі КСУП «Цяплічнае» апырскваў побач азімае жыта. Хоць інспектар аховы прыроды прыехаў толькі пасля нашай здымачнай групы.

«Я пакуль не ведаю, не магу нічога каментаваць».

І праз некалькі дзён пасля забору рыбы на экспертызу – цішыня. Арцём Дудар, дзяржаўны інспектар аховы прыроды, Гомель, адказвае:

«Не, яшчэ невядома, яшчэ на экспертызе рыба».

Мясцовыя ж сцвярджаюць, што гісторыя змагання за выкананне гаспадаркаю «Цяплічнае» санітарных нормаў мае прынамсі 5 гадоў. Валянціна Смаль, жыхарка Улукаўскага сельсавету:

«Яны апрацоўвалі гербіцыдамі бульбу. І вецер быў 15 метраў на секунду, а яны не пільнавалі санітарнага разрыву з нашымі гародамі. У мяне вялікая плошча трускавак была пашкоджаная, у людзей буракі, маліна. І мы не дамагліся ніякай кампенсацыі ад іх».

Праз год мясцовыя жыхары, ужо дасведчаныя ігнараваннем іхных праблемаў з боку сельгаспрадпрыемства, запісваюць відэа, на якім трактар праводзіць апырсквальныя працы за 25 метраў ад прыватных гародаў. Хоць паводле санітарных нормаў – найменш мусіць быць 50.

«А яны нам пішуць адказ, Ярмольчык, намеснік кіраўніка райвыканкаму, што ўсё правільна».

«Як можна наагул размаўляць з гэтаю ўладай?»

Тым часам кіраўнікі як раёне, гэтак і ў самой гаспадарцы мяняюцца ці не штогод. А таму і праблема для «Цяплічнага» увесь час новая. Улад Сабалеўскі, эколаг КУСП «Цяплічнае»:

«Я тут працую месяц, і ў 13–14-ым не ведаю, што было».

«Але агулам ад гербіцыдаў рыба можа памерці?

«Я не ведаю».

Можа, і пра гэты ведае кожны, хто ўвядзе такі запыт у інтэрнэце. У выпадку доказу віны гаспадаркі «Цяплічнае» можа чакаць фінансавае спагнанне.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары