Асноўныя моманты з сённяшняй нарады па эканоміцы.
Калі сёння ты – беспрацоўны, то значыць «пратэстун», а заўтра – злачынца, і дзяржава выдасць вялізныя грошы, каб пасадзіць цябе ў турму і там утрымліваць. Такія словы Аляксандра Лукашэнкі прагучалі сёння ў ягоным палацы на эканамічнай нарадзе.
«Тэрмінова заняцца працаўладкаваннем беспрацоўных. З органамі міліцыі. Падключыце, каго лічыце патрэбным. Тэрмінова паставіць на ўлік усіх дармаедаў, якія боўтаюцца, і прымусіць іх працаваць», – крычаў на падначаленых Лукашэнка
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што справы ў гаспадарцы ідуць добра. Маўляў, расце эканоміка лепей, чымся ў шмат якіх еўрапейскіх краінах. Міжнародныя арганізацыі прадракалі Беларусі абвал эканомікі, але па выніках года валавы ўнутраны прадукт складзе 99 %. То бок рост будзе адмоўны.
Лукашэнка заявіў, што ў найцяжэйшы перыяд дасягнутая задача – захаваць фінансавую стабільнасць у банкаўскай сферы і на валютным рынку.
Вось што мяркуюць жыхары і госці Віцебску:
«Ну гэта ж дзякуючы Калауру, у нас добры старшыня Нацбанку».
«Якая стабільнасць? Стабільнасць гэта калі ў крамах не даражэюць харчы».
«Курс расце перыядычна. Дэнамінацыя адбываецца».
«Я трымаю пад падушкай і ў зеляніне(доларах)».
Заявы Лукашэнкі пра фінансавую стабільнасць галаслоўныя, бо яшчэ няма справаздачы Нацыянальнага банку, кажа эканаміст Сяргей Жбанаў. А ўскосныя паказнікі зусім не аптымістычныя.
«Беларускі рубель упаў адносна долара на 22%, а да еўра на 30%. Дзіўна пры такіх паказніках размаўляць у катэгорыях устойлівасці і стабільнасці», – кажа адмысловец.
За долары і еўра беларускія прадпрыемствы купляюць сыравіну і камплектуючыя за мяжой. Таму, як тлумачыць эканаміст, дэвальвацыя рубля абавязкова выклікае і інфляцыю – рост коштаў. Сёння ж Лукашэнка загадаў стрымліваць цэны не толькі на сацыяльна значныя тавары, але і на побытавую тэхніку ды агулам на ўсё, што можна.
«Стрымліванне коштаў – мусіць быць выпрацаваны механізм стрымання гэтых коштаў – мусіць ісці па ўсіх кірунках і параметрах», – загадаў ураду Лукашэнка.
Але ручное рэгуляванне цэнаў ужо стварала дэфіцыт. Пасля выбараў 2010-га года, калі рубель абваліўся ў некалькі разоў, а Нацбанк спрабаваў прызначаць курсы ўручную, прадаваць мяса і малако ў Расею – і за жывую валюту – было выгадней у некалькі разоў. У Беларусі тады стаялі шматгадзінныя чэргі па сацыяльна значныя тавары.
З тых часоў урад навучыўся выконваць загады Лукашэнкі пра сацыяльна значныя тавары.
«Не сакрэт, што яны ўносяць карэктывы ў тыя кошты. Рана ці позна яны іх падымаюць. Узяць той самы раслінны алей, як ён падаражэў практычна на рубель за бутэльку. Хаця ён яўна ўваходзіць у пералік», – кажа Сяргей Жбанаў.
Ручное кіраванне курсам рубля і коштамі за Лукашэнкам было не аднойчы. Гэта абвальвала курс валюты – і стварала чорны рынак ды чэргі да абменнікаў. А пасля дзвюх дэнамінацыяў беларускі рубель страціў сем нулёў – то бок фактычна абваліўся ў 10 мільёнаў разоў. Аляксандр Лукашэнка ўсе эканамічныя праблемы спісваў на замежных і ўнутраных ворагаў.
«Незадаволенасць беларускага народу патрэбная для зрынання ўлады ў Беларусі ці як мінімум правядзення прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у 1999-м годзе… Такім чынам зʼяўляецца шанец зрынання прэзідэнта, замены ўлады, выгаднай для Захаду і дзермакратычных колаў у Расеі», – заяўляў Лукашэнка ў 1998-м годзе.
Менавіта з 90-х у народзе жыве лукашэнкаўскі каламбур пра рэгуляцыю цэнаў на харчы: «узяўся за яйкі – малако прапала».
Яраслаў Сцешык, belsat.eu