Продаж вэйпаў забаранілі ў Нью-Ёрку. А што ў Беларусі?


Гарадскі савет Нью-Ёрку забараніў продаж вэйпаў – электронных папяросаў з араматычнымі вадкасцямі. Да прыняцця рашэння спрычынілася вялікая цікавасць да дэвайсаў падлеткаў.

Марк Левін, старшыня камітэту здароўя, сябра Рады Нью-Ёрку, тлумачыць:

«Павольныя тэмпы, з якімі гэтая краіна адрэагавала на эпідэмію падлеткавага вэйпінгу, былі правалам. Мы нічога не зрабілі, калі гэтыя новыя дэвайсы з інтэнсіўнаю дозай нікаціну з’явіліся на рынку, і паліцы запоўнілі фруктовыя, мятныя і салодкія водары. Водары, якія падабаюцца дзецям».

Вэйпы прасоўвалі на рынку як альтэрнатыву табаку. Маўляў, новая тэхналогія менш шкодная і дапаможа пазбавіцца ад звычкі паліць. Аднак досвед некалькіх дзесяцігоддзяў паказаў адваротнае. Прыемныя на смак дэвайсы ператварылі ў курыльшчыкаў мільёны падлеткаў ды выклікалі ўсплёск захворванняў лёгкіх. Паводле справаздачы Цэнтру кантролю і прафілактыкі захворванняў ЗША, у выніку ўжывання вэйпаў загінулі 42 амерыканцы.

«Яны робяцца на падставе гліцэрыну, гэта трохатамны спірт, эфект якога – высушванне. Ён проста зніштажае слізістую. Гэта высушаныя лёгкія. Прыблізна за апошнія некалькі гадоў каля 2,5 тысячаў чалавек у свеце атрымалі дыягназ вэйпазахворванняў», – распавядае Ганна Горбань, лекар клінікі «Борыс», Украіна.

Захады для ўзмацнення заканадаўства ў дачыненні вэйпаў прымаюць гэтаксама іншыя краіны: Сінгапур, Японія, Індыя, Турцыя. Ці варта да ініцыятывы далучыцца Беларусі? Мы пацікавіліся ў менчукоў:

«Я думаю, што гэта проста барацьба розных лобі. Лобі вэйпаў і лобі тытунёвых кампаніяў. Таму гэта проста перамагло адно лобі іншае».

«І звычайныя цыгарэты, і электронныя – гэта не вельмі добра. Забруджвае паветра. Таму трэба забараніць».

«Калі гэта шкодна для здароўя, то можа быць і трэба».

«Гэта забарона проста дзеля забароны. І ўсё. Тыпу мы робім выгляд, што працуем».

Некаторыя зрухі ў рэгуляванні ўсё ж адбыліся. У ліпені вэйпы прыраўнялі да звычайных цыгарэтаў ды забаранілі іх ужываць у грамадскіх месцах, у тым ліку – на прыпынках грамадскага транспарту і дзіцячых пляцоўках.

«Паленне папяросаў, як і любая форма залежнасці, – гэта дзяржаўнае пытанне, бо людзі паміраюць ад анкалогіі не толькі ва ўзросце 60 гадоў. Паміраюць значна маладзейшыя. І гэтых смерцяў можна было б пазбегнуць», – дадае Ганна Горбань, лекар клінікі «Борыс», Украіна.

Цяпер на тытунёвым рынку з’явілася навінка з сістэмаю электроннага награвання тытуню. Яе плюсам распрацоўнікі называюць адсутнасць дыму і гэтаксама – меншую колькасць канцэрагенаў, праз тое, што папяроса не гарыць. Аднак усё яна адно ўтрымлівае нікацін, што ўплывае на развіццё ракавых захворванняў.

Юлія Лабанава belsat.eu