Прэзідэнцкія выбары стануць святам Пуціна?


Выбары прэзідэнта Расеі мусяць прайсці ў атмасферы свята – такую замову Адміністрацыя прэзідэнта перадала чыноўнікам на месцы, паведамляе са спасылкаю на свае крыніцы выданне РБК. Крэмль спадзяецца такім чынам павысіць яўку, пры гэтым абяцае, што за адміністрацыйны ціск на выбаршчыкаў будуць караць. Бо не хочуць папрокаў у нелегітымным і непразрыстым галасаванні, а яшчэ менш хочуць мітынгаў.

Чаму б не апусціць бюлетэнь у святочнай абстаноўцы?

Улады Беларусі, да прыкладу, ужо даўно злаўчыліся ствараць душэўную атмасферу на выбарах.

Паслухаць народныя ансамблі, вельмі танна і смачна перакусіць ды выпіць, бо кошты на выбарчых участках нашмат ніжэйшыя за звычайныя.

Самыя прыйшлі да такой ідэі, пераймаюць досвед Менску або даўні савецкі, але ў Крамлі пастанавілі: мы не горшыя. 18-га сакавіка на прэзідэнцкіх выбарах будуць кірмашы, буфеты, музыка. Адным словам – «свята».

«Гэта не свята, гэта не адчуванне адказнасці, што нешта мяняецца ў тваім жыцці. Але гэта пераўтвараецца вось у такую бутафорыю», – звяртае ўвагу Анатоль Лябедзька, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Выбары зробяць без фальсіфікацыяў?

Пра новую стратэгію тэлеканалу РБК распавялі крыніцы, блізкія да адміністрацыі прэзідэнта. Будуць забавы ды пачастункі – і грамадзяне падцягнуцца, спадзяюцца ў федэральным цэнтры. А вось «каруселі» ці нейкія падтасоўкі практыкаваць забаранілі. Мабыць, эпізоды масавых укідаў бюлетэняў работнікамі камісіі на апошніх выбарах у Дзярждуму саслужылі дрэнную службу.

Цяпер яўка мусіць быць рэальная, выбары празрыстыя, а значыць, «пагроза» мітынгаў і пратэстаў – зведзеная да мінімуму.

«Пакінуць усю сітуацыю так, як гэта было на парламенцкіх выбарах, немагчыма. Мы памятаем, што там была адна з самых нізкіх явак на парламенцкіх выбарах за ўсю гісторыю Расеі. Гэта значыць людзям было нецікава, усё роўна і не патрэбна, што там наагул адбываецца. З парламентам гэта можа быць, з прэзідэнтам такога быць не павінна », – мяркуе Анастасія Сяргеева з Асацыяцыі «За свободную Россию».

За каго расейцы?

Зразумела, у Крамлі зацікаўленыя не толькі ў высокай яўцы, але і ў зладжанасці выбарнікаў. А расейцы, калі не зладжана, то дастаткова масава жадаюць хутчэй цвёрдай, чымся зменнай улады. Паводле апытання Левада-Цэнтру, 40 % грамадзянаў мяркуюць, што краіне ўвесь час патрэбная «моцная рука», а яшчэ 38 % – што гэта дапушчальна ў пэўныя гістарычныя моманты. І цяпер менавіта так

То бок пытанне, чыя канкрэтна рука, рытарычнае. На думку больш за палову апытаных 61 %, эканамічныя поспехі краіны – персанальная заслуга Уладзіміра Пуціна.

А калі «моцная рука» моцна трымае ўладу, то і ўкіданне бюлетэняў робіцца рытуальным. Можна танчыць.

Таццяна Рэут, фота – POOL / REUTERS