Аб'ектыў 07.09.2018 Прэм’еру «Саламеі» перанеслі з-за «распальвання рэлігійнай варожасці»


Група вернікаў дамаглася свайго: пасля скаргаў уладам Оперны тэатр адмяніў прэм’еру «Саламеі», якая супала з праваслаўным святам. Оперу можна будзе паслухаць не раней, як праз месяц. Прычына пераносу прэм’еры Міхаіла Панджавідзэ ў Вялікім тэатры оперы і балету – ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, у якім оперу«Саламея» 125 праваслаўных вернікаў назвалі блюзнерствам, здзекам, дзёрзкім антыхрысціянствам ды нават крымінальным злачынствам, якое падпадае пад артыкул 130-ы, «распальванне рэлігійнай варожасці». У лісце вернікі пайшлі далей, заклікаючы спектакль адмяніць.

«Яе прэм’ера, як і яе далейшы паказ, мусяць быць неадкладна забароненыя!»

Асноўны закід – зварот аўтараў да біблейскага сюжэту, дзе Саламея – замоўца ў Ірада забойства Святога Прадвесніка, Яна Хрысціцеля. Дзень смерці Прадвесніка ў праваслаўным календары, які вернікі адзначаюць строгім пастом, супаў з запланаванаю прэмʼераю Міхаіла Панджавідзэ – 9 і 10 верасня. На сайце Опернага рэжысёр патлумачыў, што спектакль «Саламея» заклікае задумацца над «гэтак званаю барацьбою за правы чалавека і распадам заходняй цывілізацыі», і нават загадзя папрасіў дазволу на пастаноўку ў мітрапаліта Паўла. Але, падобна, трапіў ва ўласную пастку.

Каментуе культуролаг Максім Жбанкоў:

«У нашай дзяржаве, як, зрэшты, і ў Расеі, праваслаўная царква традыцыйна ёсць рэсурсам падтрымкі ўлады. Гэта, так бы мовіць, стратэгічны партнёр дзяржавы ў сферы нейкага агульнага, усенароднага светапогляду. Аўтар жа – не мусіць быць зручным. Аўтар не мусіць быць камфортным. Аўтар мусіць быць пераканаўчым і выразна, паслядоўна, гарманічна творчым. Можна ўзгадаць штосьці падобнае, калі вернікі пікетавалі менскія кінатэатры падчас дэманстрацыі галівудскай стужкі«Код Да Вінчы». І тады таксама хуценька звярнулі сеансы, хуценька пайшлі ім насустрач».

15 жніўня епіскапы-евангелісты Беларусі папрасілі Лукашенку прыняць закон супраць «прапаганды» ЛГБТ. А летась мітрапаліт Павел заклікаў да байкоту расейскага фільму «Матыльда» – за разбурэнне вобразу пакутніка-цара і дату прэмʼеры– у гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Творы розныя, гісторыі падобныя: праваслаўная грамада быццам выпрабоўвае моц свайго ўплыву. Сваё меркаванне выказалі жыхары Менску:

«Напярэдадні вялікага свята, а іх у нас 12, і перад адным з іх – адкрыццё сезону, прэмʼера… Пачынаць гэтым спектаклем напэўна было б не зусім правільна».

«Я лічу, што ў свецкай дзяржаве не павінна так быць, каб адмянялі святы, бо каталікі ці праваслаўныя супраць. Што значыць – супраць? Каго мы там крыўдзім? Хай тыя, каго крыўдзяць, не ідуць на тую оперу».

«Што тычацца прэмʼеры, то, канешне, шкада. Людзі так доўга чакалі, спадзяваліся, я сама хацела схадзіць, як сталы наведнік».

Святы Сінод не перашкодзіў паставіць «Саламею» расейскаму творцу Раману Вікцюку 20 гадоў таму. Адбудзецца прэмʼера аўтарства Панджавідзэ і ў Беларусі – хоць пазней, чым планавалася, 18, 19 кастрычніка.

Вольга Гардзейчык, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: TASS / Viktor Drachev / FORUM

Глядзі таксама
Каментары