Праз страйк гарадзенца спачатку звольнілі, а цяпер ціснуць на сям'ю


У Жлобіне паводле крымінальнае справы затрымалі працаўніка Беларускага металургічнага заводу. Ён браў удзел у нацыянальнай забастоўцы. Звальненне і ціск на дзяцей зазнаў і працаўнік гарадзенскае тытунёвае фабрыкі. Па чарзе дзяржава цісне амаль на кожнага, хто далучыўся да стачкі.

Гарадзенец Аляксандр Куваннікаў аддаў тытунёвай фабрыцы 8 гадоў. За гэны час ягонае фота паспела пабываць на дошцы гонару, а ён атрымаў ліст падзякі ад гарадскога кіраўніцтва. Нягледзячы на гэта, цяпер Аляксандр без працы. За ўдзел у мірных акцыях пратэсту і за далучэнне да страйку яго звольнілі.

«Той момант, калі ні грошы, ні нейкія там падарункі, якія раздавалі, перасталі мець значэнне. Зрабіць насуперак сумленню ці з нейкімі прынцыпамі? Я не пагадзіўся і зрабіў так, бо іншага спосабу я як бы не бачыў», – распавёў Аляксандр Куваннікаў, былы працаўнік Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі.

Жонка Аляксандра Жанна мужа падтрымала – сама выходзіла на жаночыя маршы. Праз што потым у РУУС пачула пагрозу – яе з мужам і чатырма дзецьмі могуць паставіць на ўлік як сям’ю ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

«Я выходзіла на вуліцу бо я не згодная з тым, што адбываецца, як абыходзяцца з мірнымі дэманстрантамі. І я выходзіла, каб спынілася беззаконне, а цяпер да мяне могуць прыйсці з САП», – кажа Жанна Куваннікава, жонка Аляксандра.

Праваабаронца Раман Юргель распавядае, што рабіць у гэткім выпадку.

«Да гэтай сям’і пагрозы міліцыянта па пастаноўцы ў САП яе з’яўляюцца незаконнымі. Так нельга пагражаць. Жанчына магла адразу напісаць заяву ва ўпраўленне асабістай бяспекі ці да пракурора, што ёй пагражаюць», – кажа Раман Юргель, праваабаронца.

Як кажа сам Аляксандр Куваннікаў, калі ён не знойдзе новае працы, сям’я будзе вымушаная зʼехаць за мяжу.

Надзея Бельская, «Белсат»

 

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!