Праверка подпісаў працягваецца: могуць быць ануляваныя дадатковыя галасы


Праверка сапраўднасці подпісаў, сабраных за кандыдатаў на рэгістрацыю, – чарговы этап прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Першыя вынікі, якія агучыла Цэнтральная камісія па выбарах, сталіся для шмат каго нечаканымі.

Гэтак, пра 300 тысяч скрадзеных подпісаў заявіла ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі. З гэтай нагоды ягоная каманда звярнулася да грамадзян і ўладаў з адмысловай заявай.

«Улады ўсё больш дапускаюць фатальных памылак, не разумеючы, што ні нас, ні нашых намераў менш не стане. Сістэма стала такой слабай, што ў яе больш няма магчымасці захоўваць годнасць. Гэты драндулет вертыкалі ляскае і развальваецца на хаду. Крадзеж подпісаў і нашых галасоў кажа не пра сілу сістэмы, а пра яе слабасць», – заявіла прадстаўніца штабу Марыя Калеснікава.

У Віктара Бабарыкі Цэнтральная выбарчая камісія налічыла 165 тысяч сапраўдных подпісаў пры сабраных амаль паўмільёна. Дастатковая колькасць для рэгістрацыі прызнаная ў Аляксандра Лукашэнкі, Святланы Ціханоўскай ды Андрэя Дзмітрыева. У Сяргея Чэрачня і Ганны Канапацкай налічылі на некалькі тысячаў больш, чым яны папярэдне заяўлялі.

«Я не была ўпэўненая, што гэтыя 35 тысяч подпісаў даедуць да камісіяў. Але я вельмі ўдзячная тым актывістам, якія выканалі дамоўленасці, знайшлі ў сабе сілы і здалі гэтыя подпісы. Бо асабіста я сама здала ў Менску больш за 110 тысяч подпісаў», – патлумачыла патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва Ганна Канапацкая.

Самым неспадзяваным вынік стаў для Валерыя Цапкалы, які падчас адмысловай прэсавай канферэнцыі заявіў, што ягоная ініцыятыўная група сабрала 212 тысяч подпісаў, але сапраўднымі прызналі толькі 75.

«Сама больш дзівяць лічбы ў Горадні, дзе адзін і той жа чалавек збіраў подпісы і раскладваў лісты ў Ленінскі і Кастрычніцкі раён. То ў Кастрычніцкім раёне 1,8 % забракаваных, у Ленінскім 16 %. Гэта, канечне, вельмі дзівіць, як і тое, што з’явіліся новыя подпісы ў некаторых з кандыдатаў. Калі яны заяўляюць, што здалі менш, а Цэнтрвыбаркам заяўляе, што больш», – дзівіцца ўдзельнік выбарчай кампаніі Валеры Цапкала.

Валерый Цапкала заяўляе, што намерваецца праверыць і абскардзіць законнасць скасавання сабраных за сябе подпісаў. А старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына дадатковыя тысячы ў Сяргея Чэрачня і Ганны Канапацкай патлумачыла непаінфармаванасцю ў саміх ініцыятыўных групах.

«Зусім не факт, што ў спадара Бабарыкі не будзе прэтэнзіяў да подпісаў у цэлым. Справа ў тым, што 15 % несапраўдных подпісаў будуць вылічвацца яшчэ з агульнай колькасці правераных ва ўсёй краіне. Гэта азначае, што спадар Цапкала ўжо дакладна не будзе кандыдатам. Ён, канечне, можа накіраваць скаргу ў Вярхоўны Суд, дзе правераць некаторыя подпісы, але верагоднасць таго, што колькасць сапраўдных подпісаў у яго павялічыцца – мізэрная», – мяркуе палітолаг Юры Чавусаў.

Рэгістрацыю кандыдатаў на прэзідэнта Цэнтрвыбаркам распачне 5 ліпеня. А праз два тыдні дакладна стане вядома чые прозвішчы патрапяць у выбарчыя бюлетэні.

Галіна Абакунчык, «Белсат»