Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство, некаторыя – па-беларуску

Светлая і радасная ўрачыстасць – праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстова. З гэтай нагоды ўсяночныя святочныя набажэнствы ды ранішнія ўрачыстыя службы прайшлі ўва ўсіх праваслаўных святынях Беларусі.

Свята Божага Нараджэння – адное з найважнейшых у царкве і найбольш шанаванае вернікамі. Як яго сустракалі ў Менску?

Свята-Духаў кафедральны сабор у Менску – галоўнае месца святочных урачыстасцяў. Сёння праваслаўная царква святкуе Нараджэнне Хрыстовае, але вернікі сталі ісці ў храм яшчэ напярэдадні: усяночная літургія распачалася тут яшчэ ўвечары.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Свята Божага Нараджэння – адно з найгалоўнейшых у царкве і сярод самых шанаваных і чаканых у вернікаў:

«Збіраюся сёння вечарам у царкву, каб памаліцца за сваіх блізкіх і сваіх родных. І заўтра буду святкаваць Нараджэнне Хрыстовае».

«Гэта вялікае свята: гэта жыццё, гэта пачатак чагосьці новага».

«Жыві сумленна, і Бог будзе ўсё рабіць. Я Біблію прачытаў вельмі добра, я яе амаль напамяць ведаю».

Урачыстая ўсяночная літургія сабрала сотні праваслаўных хрысціянаў і традыцыйна распачала перыяд урачыстасцяў Божага Нараджэння. Галоўная сутнасць свята паводле хрысціянскай веры – абвяшчэнне Божага валадарства дзеля ўратавання ўсяго чалавецтва, вестку пра якое сваім нараджэннем прынёс Ісус Хрыстос.

«З прышэсцем Хрыстовым, Ён сам прынёс паўнату ісціны, Ён нам адкрыў сутнасць нашага жыцця, мэту нашага жыцця. Ён адкрыў нам дзверы ў вечнасць – кожнаму чалавеку», – кажа святар менскага кафедральнага Свята-Духава сабора айцец Сяргей Гардун.

Усяночныя святочныя набажэнствы прадоўжыліся ранішнімі ўрачыстымі службамі ў цэрквах усёй Беларусі. У тым ліку на беларускай мове, як у Менскай духоўнай акадэміі, дзе на роднай мове моляцца таксама ў апошнюю нядзелю кожнага месяца.

Пра гэта распавядаюць вернікі Менскай духоўнай акадэміі:

«Я перадусім прыйшла на літургію, але вельмі прыемна, што на свята Нараджэння Хрыстовага яна праходзіць на беларускай мове. Я заўсёды наведваю беларускія літургіі, якія праводзяцца ў гэтым храме».

«Святочны настрой, бо літургія па-беларуску, яе лёгка разумець, шмат людзей, і вось гэтая святочная атмасфера перадаецца».

«Я вас віншую са святам Божага Нараджэння! Цудоўнае свята, цудоўная літургія па-беларуску – гэта тое, што чакаецца ў такое свята. Каб гэта яшчэ штодня было, спадзяюся, што Бог дасць нам такое свята».

Акрамя царкоўнага шанавання свята Божага Нараджэння, урачыстасць тут святкуюць і паводле не літургічнай традыцыі. Гаворка, натуральна, пра калядкі з пачастункамі ды спевамі.

«Ёсць такі панятак, як Агапа – літургія пасля літургіі. І я шчаслівая, што вось цяпер адбываецца літургія пасля літургіі. Радасць і праслаўленне Хрыста і Бога і радасць гэтаму святу ў еднасці», – кажа багаслоў-рэлігіязнаўца Наталля Гарковіч.

Божае Нараджэнне вернікі-хрысціяне называюць пачаткам новай эры для чалавецтва. Перыяд святкавання толькі распачаўся і прадоўжыцца да свята Вадохрышча 19 студзеня.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Глядзі таксама