Праваслаўныя святкуюць Раство Хрыстовае


З Нараджэннем Хрыстовым віншуюць адно аднаго праваслаўныя вернікі. Беларускі экзархат адзначае адно з галоўных царкоўных святаў паводле Юліянскага календара, адсюль і дата – 7 студзеня.

Нарадзіўся збаўца! Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстовае – адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў.

Паводле Евангелля, Ісус нарадзіўся ў сям’і Іосіфа і Марыі ў Віфлееме, куды святое сямейства выправілася незадоўга да ягонага нараджэння.

Урачыстыя набажэнствы ў праваслаўных храмах Беларусі распачаліся ў ноч на 7 студзеня.

Прыхаджане Свята-Духава кафедральнага сабору кажуць:

«Прыйшло выратаванне на зямлю, прыйшоў Хрыстос, і ўвесь свет асвяціў сваім прышэсцем».

«Нараджэнне Хрыста ў жыцці кожнага чалавека – гэта асаблівы дзень, таму што мы не толькі Раство адзначаем, калісьці ў адзін цудоўны дзень свайго жыцця мы адчуваем гэта ўнутры сябе, як нараджаецца Хрыстос».

«Гэта душэўнае свята, гэта яднанне з Богам. Гэта магчымасць праверыць сваю думку, сваю душу, ачысціцца».

У Менскім Свята-Духавым кафедральным саборы ўрачыстая ўсяночная літургія сабрала шмат вернікаў. З-за каронавіруса прыхаджане і служкі былі ў масках. Падчас службы мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін памаліўся за хворых і медыкаў:

«Многія з нашых братоў і сёстраў з-за пошасці пазбаўленыя магчымасці цяпер наведваць храм. Узнясем аб іх прашэнне Міласэрнаму Богу Айцу, каб ён абнавіў іхныя душэўныя і цялесныя сілы».

Свята нараджэння Хрыста чакалі з нецярплівасцю і ў сям’і Трапачкаў з пасёлку Садовы Пінскага раёну.

«Раство Хрыстова дае нам моц, веру, надзею. Напаўняе нашыя семʼі дабрынёй, радасцю і пабожнасцю», – кажа Вольга Трапачка.

Настаўніца Вольга Трапачка спявае ў царкоўным хоры з юнацтва – ужо больш за 20 гадоў. У мясцовую царкву святой Параскевы Пятніцы на вечаровую службу яна выправілася ўсёй сямʼёй – разам з мужам і двума сынамі.

Любоў да спеваў перадалася малодшаму сыну Кірылу.

Паводле Хрысціянскай веры галоўная сутнасць свята – абвяшчэнне Божага валадарства для ўратавання чалавецтва, вестку пра якое сваім нараджэннем прынёс Ісус Хрыстос.

Для кожнага верніка Раство Хрыстова – гэта цуд, які дорыць надзею.

Прыхаджане царквы Параскевы Пятніцы гавораць:

«Для мяне свята Раства з самага дзяцінства – гэта нараджэнне нечага новага, нечага цудоўнага. Цудоўнага нечага чакаеш. А якога цуду чакаем? Здароўя, міра, дабрабыту, радасці ў жыцці. Толькі каб радасць была, каб усім было добра і радасна, каб усе былі здаровыя».

«Настрой вельмі добры, пачуцці таксама прыемныя, бо нарадзіўся Хрыстос. Для нас, для свету – гэта выратаванне».

«Просім яго і маці ягоную, Божую, каб вылекавалі ад гэтай цяжкой хваробы, якая ў цяперашні час ахапіла ўвесь свет і ўсіх 32 І будзем спадзявацца, што гэта год – 21-ы, прынясе шчасце і радасць і дабрыню. Дзякуй Богу за ўсё».

Святочныя службы ў беларускіх цэрквах працягнуцца да Вадохрышча.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў