Правабарончая ўзнагарода


У Міжнародны дзень правоў чалавека ў Менску ўзнагародзілі пераможцаў штогадовай Нацыянальнай прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі. Сярод лаўрэатаў – нашыя калегі журналістка Кацярына Андрэева і аператарка Дар’я Чульцова. Цяпер яны – за кратамі.

Іх пераследуюць, перашкаджаюць выконваць прафесійныя абавязкі і нават пазбаўляюць волі, але ўсё роўна яны працуюць дзеля правоў і свабодаў чалавека.

Праваабаронцы вылучылі лаўрэатаў у трох намінацыях. У намінацыі «Праваабаронца года» пасмяротна ўзнагародзілі Таццяну Агееву.

«На жаль, яна не дажыла, каб атрымаць узнагароду і паглядзець, што праваабарончая супольнасць добра ацэньвае яе працу. Таму сёння гэтую ўзнагароду атрымліваў я. Сапраўды, мама шмат часу свайго жыцця працавала дзеля абароны людзей і адвакатам, і потым калі пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, яна шмат працы зрабіла, працуючы ў праваабарончых арганізацыях Беларусі», – падзяліўся сын Таццяны Агеевай Алег.

Лаўрэатамі ў намінацыі «Журналіст года» сталі адразу тры журналісткі: Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч. Яны таксама не атрымалі ўзнагароду асабіста, бо застаюцца за кратамі, арыштаваныя ў крымінальных справах.

«Вялікая праблема цяпер у Беларусі з абаронай правоў чалавека. Парушаюцца асноўныя правы чалавека: журналістаў за праўду, якую яны нясуць гледачам, чытачам, слухачам, іх папросту кідаюць за краты», – адзначыла прадстаўніца «Белсату» ў Беларусі Ірына Слаўнікава.

Ініцыятыва ByCOVID19 перамагла ў намінацыі «Праваабарончая кампанія года». Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе «Праваабарончым альянсам». З 2011-га прэмія стала агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці.

Каця Малей, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў.