Аб'ектыў 21.05.2019 Праваабаронцы звярнуліся ў пракуратуру: МУС павінен прасіць прабачэння ў ромаў


Злачынства не было – кажа афіцыйная версія следства, пры гэтым жорсткія затрыманні – былі. Праваабаронцы заступіліся за ромаў, грамадзянаў Беларусі, якіх брутальна затрымлівалі і збівалі, шукаючы доказаў забойства інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. Праваабаронцы з Магілёва і Менску паскардзіліся ў пракуратуру на дзеянні міліцыі.

Масавае затрыманне людзей з-за прыналежнасці да цыганскага этнасу – гэта распальванне міжнацыянальнай варожасці, заяўляюць праваабаронцы з цэнтру «Вясна». За такое злачынства прадугледжваюць да 10 гадоў турмы.

Аляксандр Буракоў, «Магілёўская вясна»:

«Мы папрасілі, каб пракуратура прыняла нейкія дзеянні дзеля таго, каб начальнік УУС аблвыканкаму сышоў у адстаўку».

У абласную пракуратуру праваабаронцы выслалі скаргу на дзеянні міліцыі, якая пасля гібелі інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча затрымала прыблізна сто грамадзянаў цыганскай нацыянальнасці.

«Без разбору клалі на падлогу. Тут яшчэ больш-менш, на Грабянёва! А на Чапаеўцы, дзе гэта адбылося, кажуць, білі людзей па-страшнаму! Нашых трымалі па двое содняў», – распавядае жыхар раёну Грабянёва, Гомель.

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова абвінавачанні пракаментавала каротка:

«У якасці падазраваных прадстаўнікоў этнічнай меншасці не затрымлівалі».

Як паведаміла міліцыя, перад сваім знікненнем 16 траўня інспектар ДАІ Яўген Патаповіч загадаў калегам затрымаць чорную «Волгу» на расейскіх нумарах з трыма цыганамі ўсярэдзіне.

Міліцыянта знайшлі ў той жа вечар мёртвым. Як паведамілі следчыя, ён загінуў ад стрэлу ў галаву. Праз чатыры дні галоўнаю версіяй смерці абвясцілі самагубства. Суседзі Патаповіча ў суіцыд не вераць:

«Можа, ён да дня народзінаў рыхтаваўся. Яму якраз у чэрвені павінна было споўніцца 23. Я так думаю, дзеля чаго ён вугаль купляў ці нешта яшчэ. Аднак у яго ніякіх падвывіхаў і такіх замашак не было!»

Інспектара знайшлі ў лесе, з кайданкамі на руках і без портак. Следчыя заявілі, што міліцыянт спаліў іх пры дапамозе вадкасці для распальвання, якую набыў у краме. Разам з ёю незадоўга перад смерцю ён набыў рыдлёўку і дровы.

Кшыштаф Лідэль, Варшава, «COLLEGIUM CIVITAS»:

«Кайданкі на руках ахвяры, пазіцыя цела ўказваюць хутчэй на дзеянні трэціх асобаў. У сваёй практыцы я бачыў целы асобаў, якія здзейснілі самагубства. Іхная поза выглядае іначай, і перш за ўсё каля цела няма такога непарадку».

Першым пра гібель Яўгена Патаповіча паведаміў у сваім тэлеграм-канале блогер NEXTA. Ён жа і апублікаваў здымак цела міліцыянта – такім, як яго знайшлі. Сцяпан Святлоў, блогер NEXTA:

«Інфармацыя пра нібыта выкраданне міліцыянта мне паступіла позна ўвечары ад асобы, якая і раней высылала пэўныя ўнутраныя зводкі міліцыі. Таму давер да гэтай інфармацыі быў».

У каментары парталу Tut.by прадстаўніца Следчага камітэту агучыла версію, што міліцыянт замаскаваў уласнае самагубства пад забойства, каб сям’я атрымала ільготы.

«Паколькі ён ведае крыміналістыку, то ён мог суаднесці ўсе рэчы ды акалічнасці і абставіць самагубства такім чынам, каб яно выглядала як забойства», – разважае Яўген Маліноўскі, кандыдат псіхалагічных навук.

Яўгена Патаповіча пахавалі менш як праз два дні пасля гібелі. Следства ў справе ягонай смерці працягваецца. На пытанне журналістаў ці варта папрасіць прабачэння ў затрыманых цыганоў, намеснік міністра ўнутраных спраў Іван Падгурскі адказаў: «Можа быць, і трэба. Не ведаю, ці будзем».

Аляксандр Папко, belsat.eu

Адкуль блогер NEXTA меў эксклюзіўную інфармацыю пра смерць інспектара ДАІ?

Глядзі таксама
Каментары