Аб'ектыў 12.09.2019 Праваабаронцы назіраюць за парламенцкімі выбарамі


Дзве найбуйнейшыя беларускія праваабарончыя арганізацыі – праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі Камітэт – у 11 раз праводзяць кампанію па назіранні за парламенцкімі выбарамі. Яны заклікаюць далучыцца да назірання ўсіх неабыякавых грамадзянаў. Ксенія Тарасевіч.

Юрый Мяцельскі з 2015 года назірае на кожнай выбарчай кампаніі. Валанцёра не спыняе нават тое, што праз сваю актыўнасць ён страчваў працу.

Юрый Мяцельскі, валанцёр кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Наш голас – гэта тая каштоўнасць, якую шмат хто хоча прысвоіць, скрасці і падмяніць. Толькі назіранне за выбарамі дазваляе абараніць галасы выбарнікаў ад фальсіфікацыяў».

З пачатку выбарчай кампаніі да незалежных назіральнікаў далучыліся больш за 40 асобаў.

Уладзь Лабковіч, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Галоўная мэта, якую мы ставім напрыканцы нашай кампаніі, – адказаць на галоўнае пытанне: наколькі ў нашых грамадзянаў была магчымасць абіраць і быць абранымі ў органы ўлады».

Паводле звестак кампаніі, на апошніх выбарах – у мясцовыя саветы ў лютым 2018 года – праваабаронцы зафіксавалі парушэнні на 96 % выбарчых участкаў, дзе адбывалася незалежнае назіранне.

Валянцін Стэфановіч, аналітык кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«З 1995 года місія БДІПЧ АБСЕ не прызнавалі выбараў па Беларусі ў поўным аб’ёме, якія б адпавядалі міжнародным стандартам у галіне свабодаў і дэмакратычных выбараў ды адзначалі цэлы шэраг недахопаў».

Праваабаронцы адзначаюць, што найбольш прэтэнзіяў у міжнародных арганізацыяў да працэдуры падліку галасоў: яна абсалютна непразрыстая. Таксама камісія часам цісне на незалежных назіральнікаў.

«Спрабавалі ціснуць дэпутатамі парламенту, іх выклікалі, дэпутатаў парламенту, як назіральнікаў, каб яны сядалі побач і перашкаджалі табе фіксаваць парушэнні», – распавядае валанцёр кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Юрый Мяцельскі.

Паводле праваабаронцаў, спадзявацца на паляпшэнне сітуацыі на найбліжэйшых выбарах не даводзіцца: рэкамендацыі міжнародных арганізацыяў не былі выкананыя, а камісіі былі сфармаваныя з праўладных арганізацыяў і палітычных партыяў.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары