«Праўду пра Курапаты» паказалі ў Менску


«Праўду пра Курапаты» расказваюць мастацкія палотны і дакументы розных гадоў, агулам каля сотні экспанатаў. Мэта – ня толькі захаваць памяць пра мінулае, але і зберагчы Курапаты сёння.

Упершыню гэтую выставу паказалі ў Менску ў лістападаўскія – дзядоўскія – дні тры гады таму. За гэты час яна паспела аб’ехаць шэраг гарадоў Беларусі і нават Украіны. За тры гады змянілася экспазіцыя, але мэта застаецца ранейшая.

«Галоўная мэта гэтай выставы – і мастацкай, і публіцыстычнай – гэта не даць знішчыць і не даць апаганіць Курапаты. Працэс гэты адбываецца», – кажа адзін з арганізатараў выставы ад ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Вацлаў Арэшка.

На сёлетняй выставе, якую ў Менску экспануюць трэці раз, пераважаюць мастацкія работы, што дэманструюцца ўпершыню. Частка з іх з’явілася ў выніку пленэру, якія мастакі правялі каля Курапатаў – на месцы сцяжыны, якую называюць «Дарогай смерці».

«Мы зрабілі аднадзённы пленэр на Курапацкім полі, бо гэта праблематычная зона сёння – павінна забудоўвацца. Мы выказалі свой пратэст тым, што правялі гэты пленэр, і паказалі, што гэтае поле належыць Курапатам, і там нельга будаваць гандлёвыя комплексы і выставачныя цэнтры», паведаміў старшыня мастацкай суполкі «Пагоня» Ігар Марачкін.

Абарона Курапатаў сёння – сярод галоўных тэмаў, якую абмяркоўвалі арганізатары і ўдзельнікі імпрэзы.

«Хочуць пабудаваць выставачны цэнтр зразумела чаму: каб засланіць Курапаты і затушаваць дарогу смерці. Дзіўлюся, я дзіўлюся гэтаму ўсяму» кажа старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч.

І гэта не адзіная пагроза для Курапатаў. Як днямі стала вядома, праз тэрыторыю ахоўнай зоны збіраюцца пракласці падземныя камунікацыі для будаўніцтва новага раёну. Апроч таго, больш за год трывае вахта каля сумнавядомай рэстарацыі «Поедем-поедим» побач з Курапатамі. Адкрытая выстава – унёсак у справу захавання ўрочышча, заяўляюць абаронцы Курапатаў.

«Вядома – вось такія выставы ў самым цэнтры Менску з удзелам велічыняў беларускай інтэлігенцыі – ціснуць на тых, хто гатовы не проста забыць, а разбурыць гэты нацыянальны некропаль Курапаты. Таму вялікая падзяка арганізатарам гэтай выставы», – заяўляе лідар партыі БХД і абаронца Курапатаў Павел Севярынец.

Выстава «Праўда пра Курапаты» ў менскім Палацы мастацтва працягнецца да 22-га лістапада.

Галіна Абакунчык belsat.eu