3 % на год. Пра жахлівыя тэмпы абвалу беларускай эканомікі


Эксперты крытычна ацэньвалі прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, прынятыя ўрадам на 2016-ты год. Пад пільным вокам галоўнага аптыміста краіны.

Кіраўнік Беларусі яшчэ некалькі месяцаў таму казаў – «Не трэба даваць вельмі песімістычныя ацэнкі па інерцыі скатваючыся да ўзроўню папярэдніх гадоў. Ніякага песімізму!».

Рэчаіснасць перамагла аптымізм Лукашэнкі

Паводле міністра эканомікі Беларусі Уладзіміра Зіноўскага, які сёння выступаў у Палаце прадстаўнікоў, валавы ўнутраны прадукт у 2016-ым годзе хутчэй за ўсё ўпадзе ажно на 3 %. Тым самым пагоршыць і без таго не самы радасны сцэнар.

«Не ўсе спрагназаваныя макраэканамічныя паказнікі будуць выкананыя праз розныя прычыны – вонкавыя і ўнутраныя фактары. Нястача перапрацаванай нафтавай сыравіны прывяла да таго, што мы губляем паказнік ВУП. Паводле нашых ацэнак, ён мусіў быў скласці 98 % – гэты прагноз не адбудзецца, бо няма канчатковай пастановы пра набыццё нафты ў Расейскай Федэрацыі», – апраўдваўся Уладзімір Зіноўскі, міністр эканомікі Беларусі.

З прычыны беларуска-расейскага нафтагазавага канфлікту, нашая краіна недаатрымала ў трэцім квартале больш за два мільёны тонаў чорнага золата. Па выніках года замест запланаваных 23-24-ох мільёнаў тон, краіна можа атрымаць не больш за 18. А значыць, і маржа ад перапрацоўвання чорнага золата будзе значна меншаю. Але адмыслоўцы мяркуюць, што гэта ўсяго толькі дапаўненне да агульнага кошыка праблемаў у беларускай эканоміцы.

«Мне падаецца, што вось гэтае змяншэнне паставак нафты з Расеі як падарунак для ўладаў. Можна цяпер на гэта ўсё спісваць, маўляў, ай-ай ВУП падае менавіта праз гэтую Расею. Пэўны ўплыў ёсць, але не вялікі. Справа ў тым, што МВФ ды іншыя прыблізна такое падзенне прагназавалі яшчэ да таго, як пачалася ўся гэтая катавасія з Расеяй», – патлумачыў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

За прыбыткамі Лукашэнка паляцеў у Баку

Дзе прапаноўвае Аліеву Беларусь як пляцоўку для азербайджанскіх нафтавых паставак далей на Захад.

«Давайце сядзем і дамовімся. Бо мы гатовыя ў «доўгую», у выпадку дамоўленасці, працаваць з Азербайджанам. Гэта ўжо спраўджана гадамі, бо вы нас канешне не першы раз ужо падтрымліваеце», – заахвочваў хаўруснікаў кіраўнік Беларусі.

Сімвалічна, што візіт у Баку адбыўся адразу пасля перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Маскве. Ад якіх эксперты чакалі развязання спрэчных момантаў у стасунках – у першаю чаргу гандлёвых. Аднак пакуль не дачакаліся.

Патрэбныя падарункі для беларусаў

На фоне вонкавагандлёвых праблемаў Беларусі, адсутнасці рэальных рэформаў і састарэласці тэхнічнае базы ў вытворчасці, яшчэ больш дзіўнымі выглядаюць заявы Лукашэнкі некаторы час таму пра павышэнне сярэдняга заробку ў Беларусі да запаветных $ 500 долараў. Сёння ж міністр эканомікі краіны зноў узгадаў гэтую тэму, хоць і скардзіўся, што будзе цяжка дасягнуць мэты.

«У Лукашэнкі магчыма ёсць нейкія задумы, пра гэта шмат апошнім часам кажуць, што калі ў 2018-м годзе ён зладзіць рэферэндум, тады пад рэферэндум патрэбныя падаруначкі пад ялінку электарату, каб галасаваў як трэба», – спрагназаваў Класкоўскі.

Што праўда, эканамісты падкрэсліваюць: вынікам гвалтоўнага павышэння заробкаў без рэзкага павышэння вытворчасці працы прывядзе да чарговага росту коштаў і новае хвалі дэвальвацыі рубля.

Але выраз нам бы дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца – даўно вядомы прынцып кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

Юрый Салодкі, «Белсат»