Працяг судоў над затрыманымі 14 ліпеня: сёння шмат пераносаў


Праз судовыя залы Менску сёння прайшлі 46 асобаў, у дачыненні якіх вядзецца працэс за парушэнні парадку арганізацыі і правядзенне масавых мерапрыемстваў. Большасць судоў перанеслі на нявызначаныя тэрміны. Прычына – няяўка сведак, а гэта зазвычай міліцыянты ці супрацоўнікі АМАПу.

«Можа, сведкі паехалі трэніравацца, у іх там свае справы. Сёння першы дзень, калі сапраўды пераносіцца. Раней сведкі выклікаліся па інтэрнэце, па «Скайпе», ці яны прысутнічалі. Таму ў мяне пакуль што няма думкі, чаму яны так робяць», – разважае валанцёр праваабарончага цэнтру «Вясна» Яраслаў Кунцэвіч.

Гэта быў чацвёрты дзень серыі судоў за ўдзел у акцыі чатырнаццатага ліпеня. Агулам прайшло больш за 200 слуханняў у справах, што датычаць акцыі салідарнасці.

«Я да гэтага трошкі па-філасофску стаўлюся, блізка да сэрца не бяру. Але, з іншага боку, я думаю, што калі чалавек намагаецца выказаць мірным чынам, то ў суд яго накіроўваць – таксама трошкі перабор», – кажа затрыманы 14 ліпеня Уладзімір Макарэвіч.

Суд Уладзіміра таксама перанеслі, але мужчына думае, што атрымае штраф. Сёння большасць тых, супраць каго вядзецца адміністратыўны працэс, прыйшла ў суд Маскоўскага раёну без родных. Затое людзей падтрымалі валанцёры.

«Насамрэч дапамагае, калі хоць нехта прысутнічае на судзе. Вось цябе трымалі, начаваў ты чорт ведае дзе, недзе не дома, і цябе трымалі ў невядомых кампаніях. І папросту нейкая прысутнасць родных адразу паляпшае настрой чалавеку», – лічыць валанцёр праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрэй Кандраценя.

Толькі ў сталіцы 14 ліпеня затрымалі больш за 300 чалавек. На Нямізе, дзе былі заўважныя асабліва жорсткія затрыманні, мы спыталі мінакоў пра меркаванне наконт судоў за ўдзел у акцыі:

«Я думаю, гэта не вельмі добра. Мяне таксама затрымалі, у мяне таксама будзе суд».

«Чалавек выходзіць і кажа свой пункт гледжання, вось як я зараз. І я маю права на гэта, у мяне ёсць права, якое запісана ў Канстытуцыі. Але атрымліваецца так, што ў нас толькі адныя абавязкі, правоў ніякіх».

«Можа, лепей бы пайшлі яны працаваць усе, і мы б зрабілі нашу краіну лепей, чым стаяць ды крычаць нешта ды змагацца незразумела з чым».

«Можна запытацца ў любога, мне падаецца, любы адэкватны чалавек [скажа]: гэта было незаконна, мы ўсе ўсё гэта бачылі».

Заўтра чакаецца працяг судоў над затрыманымі каля крамы Symbal.by. 30 і 31 ліпеня – працяг серыі судоў за ўдзел у акцыі салідарнасці 14 ліпеня.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»