Аб'ектыў 22.01.2019 Працяг «справы медыкаў». Падсудны – галоўны патолагаанатам Мінздраву


Гэта здымкі затрымання цяпер ужо былога галоўнага пазаштатнага патолагаанатама Міністэрства здароўя Аркадзя Пучкова. У лядоўні на ягоным працоўным месцы ў патолагаанатамічным бюро Менску аператыўная група знайшла 300 долараў і больш за пяць тысячаў беларускіх рублёў. Агульная ж сума хабараў, якія Пучкоў браў цягам больш як 15-ці гадоў, – 180 тысяч долараў. Сёння абвінавачаны з’явіўся перад судом.

«Карціна непрыглядная. Тут няма чаго і гаварыць. У людзей пытанне: а што адбывалася? Чаму дагэтуль нічога не было, і сёння ў судзе над Пучковым – былым галоўным патолагаанатамам Мінздраву – аказваецца, ён з 2002 года бярэ хабар», – кажа Віктар Федаровіч, журналіст «БелГазеты».

За грашовыя надбаўкі і падаўжэнне тэрмінаў дамоваў Пучкоў збіраў… дзесяціну. Літаральна. Працаўнікі бюро аддавалі кіраўніку па 10 адсоткаў са свайго заробку. Да таго ж галоўны патолагаанатам браў грошы ад прыватных фірмаў, што ў сваю чаргу атрымлівалі магчымасць пастаўляць у бюро сваю рытуальную прадукцыю або прасоўваць свае пахавальныя паслугі. Віктар Федаровіч, журналіст «БелГазеты»:

«Рыба гніе з галавы. Дык вось што датычыць аховы здароўя, гэтая рыба ад галавы да хваста ўжо прагніла. Другой момант: як з гэтым змагацца? Бо ўсе антыкарупцыйныя барʼеры і фільтры, што былі распрацаваныя… не спрацоўваюць».

Актыўная барацьба з карупцыяй у медычнай сферы распачалася яшчэ летась. Тады ў ліпені КДБ затрымаў адразу прыблізна 50 чалавек, сярод якіх – галоўныя дактары больніцаў і прадстаўнікі фармацэўтычных кампаніяў. Пазней пад следствам апынуліся і буйныя чыноўнікі – як былы намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Гучныя карупцыйныя схемы датычылі закупаў медычнай тэхнікі і лекаў за завышаныя кошты. Апытаныя намі менчукі справаю не здзіўленыя:

«Ну, людзі захацелі пабагацець, што ж ты хочаш. Гэта ж нашае такое чалавечае адчуванне, каб пабагацець».

«Я думаю, што за хабарам стаяць вышэйшыя чыноўнікі, пакутуюць на гэта. А звычайныя дактары – наўрад ці. Калі мы дзякуем доктару, то дзякуем доктару ўжо самі».

«Калі б яны атрымлівалі больш, то, можа быць, менш бы бралі. Але не абавязкова».

Сваю віну 70-цігадовы Аркадзь Пучкоў на судзе прызнаў цалкам і скампенсаваў нанесеную дзяржаве шкоду яшчэ падчас следства. Тым не менш вынесенае яму абвінавачанне прадугледжвае пакаранне ад пяці да 15-ці гадоў зняволення. Працяг справы адбудзецца ўжо бліжэйшымі днямі.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары