Працяг палітычных прысудаў


На два з паловай гады калоніі асудзілі студэнта Віктара Акцістава – за тое што спрабаваў адбіць пратэстоўца 10-га жніўня каля сталічнай гасцініцы «Юбілейная«. Пацярпелы – баец АМАПу, атрымаў драпіны на ілбе. Самога Віктара моцна збілі падчас затрымання. Таксама працягваюцца адміністратыўныя арышты – сёння ў Менску каля ізалятара на Акрэсціна затрымалі двух айцішнікаў, якія сустракалі раней затрыманых калегаў.

Дамагчыся праўды ў судзе Партызанскага раёну сталіцы спрабуе былы працаўнік Менскага электратэхнічнага заводу Віталь Галіцкi. Інжынера-тэхнолага з 14-гадовым стажам звольнілі за парушэнне працоўнай дысцыпліны, што магла нанесці страту большую, чым тры заробкі. Віталь лічыць звальненне незаконным і палітычны матываваным.

«Хочуць нам закінуць, што мы ярыя забастоўшчыкі, што мы людзей заклікалі спыніць завод і гэтак далей, але доказаў гэтаму няма. Датычна мяне важкіх доказаў няма і быць не можа. Людзей звольнілі за тое, што яны свабодна выказваюць сваё меркаванне пасля выбараў», – кажа Віталь Галіцкі.

З Менскага заводу імя Казлова звольнілі прынамсі 25 чалавек. Сярод іх і стропальшчык, намеснік старшыні нізавой арганізацыі Свабоднага прафсаюзу металістаў Міхаіл Марыніч.

«Лічу, што маё звальненне – гэта пераслед за прафсаюзную дзейнасць, за тое, што мы стварылі свабодны прафсаюз металістаў, пярвічную арганізацыю на заводзе. Адміністрацыі гэты прафсаюз не ў жылу, таму што мы працуем строга па законе», – гаворыць Міхаіл Марыніч.

Падала пазоў на былога працадаўцу з патрабаваннем аднавіць на працы і зборшчыца Яніна Малаш. Суд ёй адмовіў.

«Як можа ацэньвацца наша звальненне? Як пазбаўленне ад актыўных людзей. На заводзе засталіся ў асноўным людзі, гатовы пагаджацца з новымі ўмовамі», – кажа Яніна Малаш.

Жнівеньскія падзеі сталіся падставай і для выраку, які прагучаў сёння ў судзе Ленінскага раёну Менску. Віктара Акцістава за гвалт у дачыненні амапаўца асудзілі на два з паловаю гады калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Марына Запаснік абвінаваціла 20-гадовага студэнта за падзеі, што адбыліся 10 жніўня. У той вечар Віктар спрабаваў адбіць ад затрымання незнаёмага хлопца каля гасцініцы «Юбілейная».

Анастасія Русецкая belsat.eu