Аб'ектыў 01.05.2017 Працы шмат, а заробкі растуць. Адкуль такія лічбы?


Мы дайшлі да кожнага чалавека. За красавік былі працаўладкаваныя больш за 85 тысячаў чалавек. З гэткаю заяваю выступіла сёння міністр працы Ірына Касцевіч.

Што праўда, пры гэтым яна забылася дадаць, што стандартная колькасць звальненняў кожны месяц – каля 60-ці тысячаў. То бок, гаворка ідзе прыблізна пра 25 тысячаў новых працоўных месцаў.

Паводле падліку ўладаў, беспрацоўных у Беларусі – сотні тысячаў

Улады сцвярджаюць: хто не працуе, проста не хоча працаваць.

Сярэдні заробак тых гомельцаў, з якімі мы паразмаўлялі, – істотна меншы, чым мінімальны спажывецкі бюджэт, які сёння складае Br 380 на месяц. Але ж ніжэй гэтага ліку – парог беднасці…

На флагманах айчыннай прамысловасці сітуацыя адрозніваецца

Пра гэта нам распавялі, у прыватнасці, працаўнікі Магілёўскага вагонабудаўнічага заводу.

Палепшыўся, паводле афіцыйнай статыстыкі, і фінансавы стан айчынных прамысловых гігантаў. Напрыклад, Трактарны завод, які апошнія гады стабільна лідараваў у стратнасці, па выніках першага кварталу сёлета паказаў прыбытак. Але ж незалежныя прафсаюзы адзначаюць: галоўная прычына паляпшэння сітуацыі – не камерцыйныя поспехі.

«Станоўчыя змены ў эканоміцы прадпрыемстваў звязаныя ня толькі з тым, што яны павялічылі абʼёмы вытворчасці, пачалі больш прадаваць. Але і з тым, што для многіх прадпрыемстваў робяцца пэўныя ільготы, напрыклад – адцягваюць аплату крэдытаў. Рэструктурызацыя пазыкаў за электраэнергію», – раскрывае дэталі старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандр Бухвостаў.

Іншымі словамі, прадпрыемствы раптам паказалі прыбытак, бо перасталі плаціць за электраэнергію і вяртаць крэдыты. Апрача таго, прамысловым флагманам штогод вылучаецца бюджэтная дапамога на дзясяткі мільёнаў долараў. Рэкорд быў пазалетась – амаль 600 мільёнаў. Гэта – параўнальна з гадавым бюджэтам на ахову здароўя і адукацыю, разам узятых. Недалічваюцца гэтых грошай перадусім бюджэтнікі ды жыхары меншых гарадоў, такіх, як Бабруйск.

Сёння міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Фітч» абнародавала прагноз, у якім прадказвае, што, нягледзячы на сезоннае паляпшэнне, па выніках года падзенне беларускай эканомікі праявіцца. Асноўнаю праблемаю Беларусі Міжнародны валютны фонд называе структурныя дысбалансы. Простымі словамі – сістэму, калі дзяржава прымусова забірае рэсурсы з тых сектараў эканомікі, што могуць даваць прыбыткі ды працоўныя месцы і пераразмяркоўвае іх у эканамічна бесперспектыўныя, але палітычна значныя праекты.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Глядзі таксама
Каментары