Ад словаў – да грошай. А дакладней – да іх адсутнасці. Працуеш афіцыйна, але пенсійнага стажу не зарабляеш. У гэткай сітуацыі могуць аказацца працаўнікі соцень беларускіх прадпрыемстваў – як прыватных, гэтак і дзяржаўных.
МенскПраектМэбля – прадпрыемства, якое ўваходзіць у дзяржаўны канцэрн Лесбумпром. Як паведамляе Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, паводле стану на 1 лютага, прадпрыемства не заплаціла страхавых узносаў за сваіх работнікаў больш, чым на $ 90 тыс.
Як патлумачылі нам у Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, калі наймальнік не пагасіць запазычанасць па ўнёсках, работнікам гэтага прадпрыемства не налічаць страхавога стажу за непакрыты перыяд. У выніку, пры пэўным збегу акалічнасцяў, чалавек можа, па віне наймальніка, атрымаць не страхавую пенсію, а толькі сацыяльную – значна меншую.
«У прынцыпе, такое становішча па ўсёй рэспубліцы», – кажа працаўнік «Менскпраектмэблі».
Кіраўніцтва заводу патлумачыць гэта адмовілася. Працаўнікі адзначаюць крызісны стан на вытворчасці. З іхных словаў «то дрэва няма, то тканіны, то механізмаў».
Незалежныя прафсаюзы рэкамендуюць працаўнікам скардзіцца ў дзяржкантроль і пракуратуру.
«Калі людзі да нас звернуцца, мы ім дапаможам зрабіць гэтую заяву юрыдычна граматна. Людзі павінны ведаць, што мы дапамагаем і сябрам, і ня сябрам прафсаюзу, таму што гэта праблема чалавека» – абяцае Генадзь Фядыніч з незалежнага прафсаюзу РЭП.
Самыя працаўнікі, аднак, кажуць, што для іх больш хвалюе страта заробку цяпер, чым зменшаная пенсія ў будучыні.
Эканамісты, аднак, зазначаюць, што такая запазычанасць перад фондам азначае, што неўзабаве працаўнікі могуць апынуцца і без працы, і без належнага страхавога стажу.
«Калі яны ня здольныя аплочваць свае першачарговыя абавязанні па падатках і фонду сацыяльнай абароны, то ў яшчэ большай ступені яны ня ў стане выконваць свае абавязкі перад сваймі контрагентамі, дастаўцамі і падрадчыкамі», – звяртае ўвагу эканамічны эксперт Леанід Фрыдкін.
Агулам, на канец мінулага году, недаплаты ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва дапусцілі больш за 400 беларускіх прадпрыемстваў. Неплацяжы па крэдытах выраслі ўдвая.
Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: drugoigorod.ru