Працаўнік Віцебскага мясакамбінату вырашыў абараніць свае правы на дзяржпрадпрыемстве


Дабіцца справядлівасці ды абараніць свае правы на дзяржаўным прадпрыемстве. Адзін з працаўнікоў Віцебскага мясакамбінату хоча ісці да канца, не баючыся ані ціску з боку кіраўніцтва, ані магчымага звальнення. Ён мае надзею, што сваймі дзеяннямі здолее зрабіць унёсак ды дапамагчы калі не сабе, то прынамсі іншым. Тым больш што патрабаванні – самыя простыя: справядлівая аплата працы ды дбанне пра здароўе работнікаў.

Сяргей Сікора працуе на Віцебскім мясакамбінаце ўжо дзявяты год. У афіцыйных дакументах яны з калегамі – манцёры пры рамонце электрычнага абсталявання, у рэчаіснасці ж – КОД спецыялізацыі працы зусім іншы.

«Павінныя працаваць як электраманцёры аператыўнага абслугоўвання размеркавальных сетак. Паводле гэтага коду заробак, вядома, будзе вышэйшы. Таму мы ўжо другі раз губляем у заробку», – кажа Сяргей Сікора, электраманцёр Віцебскага мясакамбінату.

Да таго ж, паводле Сяргея, яны з калегамі ўчатырох выконваюць працу, прызначанаю для васьмі асобаў. Між тым высокая не толькі адказнасць, але і напружанне на аб’екце.

«Ім выгадна, што людзі працуюць, нішчаць сваё здароўе на высакавольтным абʼекце, дзе электрамагнітнае выпраменьванне вельмі вялікае. Чаму такое адбываецца, я не разумею», – лічыць Сяргей Сікора. Мужчына неаднаразова звяртаў увагу кіраўніцтва на праблему. Аднак замест развязання – ігнараванне ды ціск.

У размове з Сяргеем кіраўніцтва мясакамбінату непахіснае:

«Нашая асноўная праца – выпускаць кілбасу! Мы можам недарабіць тону ці дзесяць кілбасы, але галоўнае, каб людзі прыйшлі на працу здаровыя і сышлі здаровыя. Вы адзін бачыце гэтую праблему, больш ніхто не заўважае».

А не заўважаюць, бо баяцца ціску з боку кіраўніцтва, мяркуюць праваабаронцы. Павел Левінаў раіць тым, хто гатовы адстойваць свае правы, не баяцца, абʼядноўвацца ды памятаць:

«Калі ты выконваеш працу, якой няма ў працоўнай дамове, якая спецыяльнасць не запісаная ў працоўнай кніжцы, нават калі здарыцца надзвычайнае здарэнне, наймальнік можа сказаць: я яго туды не дасылаў, ён сам туды пайшоў, мы адказнасці не нясём».

А па-другое, праца «не па спецыяльнасці» можа моцна адбіцца на ўзроўні пенсійных выплатаў. Таму варта не грэбаваць дапамогаю нават дзяржаўных прафесійных звязаў.

«Думаю, што на гэтым мясакамбінаце прафсаюзная арганізацыя ёсць. Ёсць вышэйшыя прафсаюзныя арганізацыі, куды можна звярнуцца. Ёсць Камітэт дзяржаўнага кантролю».

За выкананнем працоўнага заканадаўства ў нашай краіне маюць сачыць таксама органы пракуратуры ды камітэты працы і сацыяльнай абароны пры выканкамах.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu