Аб'ектыў 11.02.2019 Працаўнікоў «Нафтабурсервісу» абвінавацілі ў тым, што яны незаўважна вывезлі 12 тон труб


На суд не запрашалі – даслалі пастанову, згодна з якою былая працаўніца рэчыцкага «Нафтабурсервісу» мае сплаціць штраф за шкоду прадпрыемству. Жанчыну і яшчэ 4 асобы абвінавацілі ў складскіх нястачах. Але не ўсё гэтак адназначна.

Ні за руль сесці, ні за мяжу выехаць… За плячыма былой працаўніцы «Нафтабурсервісу» Святланы Секач суд абмежаваў яе свабоды:

«У мяне ёсць старэнькая матуля, якая жыве на іншым канцы гораду і да якой я мушу ездзіць. Нікога не хвалюе. Я машыну не запраўляю, не рамантую, у мяне ёсць мужчына, які дае мне магчымасць кіраваць транспартным сродкам».

Святлане і яе чатыром калегам – працаўнікам рэчыцкага «Нафтабурсервісу» прысудзілі штрафы ды нават 1 умоўны тэрмін. Кладаўшчыкі гадамі кантралявалі пагрузку і выгрузку трубаў на прадпрыемстве. У снежні новае кіраўніцтва правяло сваю інвентарызацыю, пасля папярэдняй – месячнай даўніны. Выявіла нястачу 500 метраў труб і лішак 1700 метраў.

«Хутчэй за ўсё гэта бухгалтарскі ўлік. Урону аніякага мы не нанеслі, аніякага крадзяжу, нічога такога там не было, нічога не было даказана, гэтага няма, разумееце. Ніхто не браў, ніхто не краў», – кажа Святлана Секач.

НЕЗАЎВАЖНА вывезці цягам месяца каля 12 тон труб ды каля 40 тон – недапаставіць на свідравіны – немагчыма. Досвед падказвае абаронцу працаўнікоў, што праблема назапашвалася праз абы як робленыя рэвізіі. Прававы інспектар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка:

«Гэта цягнецца гадамі і цягам гадоў накопліваецца такая вялікая перасорціца, ці нястача, ці ўсушка, ці ўтраска. А ў выніку адказнасць не нясе начальства».

Кампенсацыю шкоды, нанесенай у працэсе працоўных адносінаў, нясе шараговы працаўнік. Гэтак у сярэдзіне студзеня на фабрыцы «Беларусьнафта-Асобіна» не далічыліся 17-ці тон птушкі. Кіраўніцтва спрабавала «павесіць» страты на працаўнікоў, аднак следства ўсё ж ідзе.

На «ахвярнага казла» працаўнікі нярэдка пагаджаюцца самі. Прававы інспектар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка:

«Каб мне заўтра давялося паступіць на працу з матэрыяльнаю адказнасцю, то перад тым, як падпісаць гэтую дамову, я б, па-першае, палічыў бы тое, за што буду несці адказнасць, а калі гэта нельга палічыць, бо дзеля гэтага трэба спыняць прадпрыемства, не пагадзіўся б працаваць там».

У змаганні за працоўныя месцы беларусы ледзь не ўсляпую падпісваюць кантракты. Наступствы – каштуюць… У рэчыцкай справе наймальнік спрабаваў спагнаць Br 52 666 руб. Суму зменшылі ўдвая, аднак дэталёвых экспертызаў суд не прызначыў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары