Аб'ектыў 29.07.2019 Пратэсты ў Маскве: дактары вярнулі Аляксея Навальнага праваахоўнікам


У мінулую сераду за заклікі да пратэстаў яго арыштавалі на 30 содняў, але напярэдадні перавялі ў шпіталь з, цытата, «вострай алергічнай рэакцыяй».

«Белсат» наведаў палітыка ў лякарні. Аляксей Навальны адзначыў, што яму лепш, чым раніцай. Пазней асабістая доктарка палітыка паведаміла, што ягоны стан выклікае трывогу, але агледзець пацыента ёй не даюць.

Менавіта гэтая заява прывяла да стыхійнага мітынгу каля брамы маскоўскага гарадскога шпіталю, які скончыўся выклікам АМАПу і затрыманнямі як удзельнікаў акцыі, гэтак і журналістаў. Ужо сёння раніцай стала вядома, што доктару дазволяць агледзець апазіцыянера, а ягонае адзенне накіруюць на незалежную экспертызу.

Сёння ў Маскве праходзяць суды над затрыманымі ў суботу ўдзельнікамі мітынгу «За сумленныя выбары», іх амаль паўтары тысячы чалавек. Сярод падсудных – вядомыя расейскія апазіцыянеры.

Дэпутат Ілля Яшын асуджаны на 10 содняў паводле абвінавачання ў парушэнні парадку арганізацыі мітынгу. Слуханні прызначылі ў розных судах гораду, і яны ідуць вельмі павольна. Гэтак, былога дэпутата Дзяржаўнай думы Дзмітрыя Гудкова адвакатка чакала больш за пяць гадзінаў.

Нядопуск незалежных кандыдатаў на выбары ў Маскоўскую гарадскую думу прывёў да таго, што ад 14 ліпеня ў Маскве практычна няспынна адбываюцца мітынгі, сустрэчы з незарэгістраванымі кандыдатамі ды адзіночныя пікеты. Эканаміст Леў Пархоменка кажа:

«Мы пакуль проста хочам, каб нашых кандыдатаў дапусцілі да выбараў. І падобна, паліцыя страціла кантроль над тым, што адбываецца. Мы тут ходзім па вуліцах некалькі гадзінаў, і яны не могуць нас злавіць».

У суботу пасля сутыкненняў з паліцыяй у цэнтры Масквы пратэстоўцы падзяліліся на вялікія групы і разышліся па вуліцах. Спыніць гэты марш паліцыянтам не ўдалося. Толькі праз некалькі кіламетраў ад мэрыі сілавікі здолелі нарэшце перастрэць пратэстоўцаў і працягнуць закідаць іх у аўтазакі.

Супраць аднаго з удзельнікаў акцыі – 48-гадовага Яўгена Каваленкі – Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле факту гвалту ў дачыненні паліцыянта. Маўляў, ён кінуў у праваахоўніка сметніцу. Аднак пратэстоўцы кажуць, што не баяцца катаванняў і затрыманняў.

«Калі ты бачыш, як вам кажуць: ты тут ніхто, і мы вас не ўлічваем, гэта абурае вельмі моцна», – кажа жыхар Масквы.

Незарэгістраваны кандыдат у Масгардуму Канстантын Янкаўскас звяртаецца да пратэстоўцаў:

«Мне было прынцыпова прыехаць да мэрыі і паказаць, што я іх не баюся, і мы іх не баімся!»

Наступная акцыя «За сумленныя выбары» мае прайсці ў Маскве 3 жніўня.

Марыя Лекух, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары