Аб'ектыў 15.10.2018 Пратэсты ў Берасці. «Прыбеглі ампапаўцы, раскідвалі жанчын, хапалі за рукі – гэта страшна»


250 рублёў – столькі каштуе пакарміць галубоў у цэнтры Берасця. Суд аштрафаваў тых, хто на знак пратэсту супраць будоўлі акумулятарнага заводу прыйшоў карміць птушак на плошчу Леніна. Палітыка Мікалая Статкевіча пакаралі пяццю соднямі арышту.

«Прымеце сёння, ці позвы прышляце, каб не хапалі?»

Гэтак ужо традыцыйная акцыя на цэнтральнай плошчы Берасця скончылася ўчора. Мікалая Статкевіча і відэаблогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава амапаўцы забралі ў аўтазак проста ля плошчы. Яшчэ дзясятак актывістаў – на шляху да будынку Ленінскага РАУС.

Людміла Карчэўская, удзельніца акцыі:

«Адзін пратакол склалі – я, падобна, перашкаджала машыне выехаць з двара. Я да машыны не падыходзіла. Але калі прыбеглі ампапаўцы і раскідвалі жанчын, хапалі іх за рукі – гэта страшна».

Акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу неаднаразова забаранялі, а мясцовых блогераў і актывістаў затрымлівалі ды штрафавалі. Напярэдадні нядзельнай акцыі ўзялі ў абарот і берасцейскіх анархістаў. Аляксандр Казлянка распавёў, што прынамсі ў дваіх з іх адбыліся ператрусы, ім выдалі позвы нібыта за расклейванне ўлётак.

Аляксандр Казлянка, анархіст:

«Мы прыйшлі а 9-й раніцы, нас апыталі пра гэтыя ўлёткі, і гэта працягвалася максімум гадзіну, а потым нас трымалі да 15-й і нават не хавалі, што чакаюць, пакуль скончыцца кармленне галубоў».

Актывіст мяркуе, што міліцыя проста баіцца анархістаў, якія бралі ўдзел і ў маршах пратэсту супраць гэтак званага дэкрэту пра дармаедаў. Аляксандр Казлянка, анархіст:

«Яны спалохаліся, што анархісты зноў будуць арганізацыйнай сілай, змогуць завесці людзей, і зноў будуць нейкія маршы ці штосьці такога кшталту».

Акумулятарны завод побач з горадам у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» будуе кітайская карпарацыя на замову кампаніі «АйПауэр». Плануецца, што на заводзе запрацуе поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў.

Марына Адамовіч, грамадская актывістка, жонка Міколы Статкевіча:

«Для мне абсалютна не зразумелыя дзеянні ўладаў і прадстаўнікоў сілавых структураў, якія таксама жывуць у гэтым горадзе, і ў гэтай канкрэтнай сітуацыі павінны быць зацікаўленыя ў тым самым, што і простыя грамадзяне».

Жыхары гораду і навакольных вёсак мяркуюць, што шкодная вытворчасць адаб’ецца і на іхным здароўі, і на экалогіі. Праціўнікі будоўлі заяўляюць пра шэраг парушэнняў, амаль 37 тысяч подпісаў супраць заводу накіравалі ў адміністрацыю Лукашэнкі яшчэ ў лютым. Але ўрадавая камісія парушэнняў у рэалізацыі праекту не знайшла.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Выкарыстаныя кадры з каналу YouTube НАРОДНЫЙ РЕПОРТЁР

Глядзі таксама
Каментары