Пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй адбудуцца па ўсім свеце


Мітынг, шэсце і жывы ланцуг – такі план дзеянняў лідары апазіцыйных палітычных партый і рухаў склалі на акцыю пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй, якая мае распачацца 20 снежня на Кастрычніцкай плошчы Менску.

На адмысловай прэсавай канферэнцыі арганізатары паведамілі, што пратэсты супраць таямнічых дамоўленасцяў кіраўнікоў Беларусі і Расеі будуць прадоўжаныя і ў наступныя дні, а таксама ў іншых гарадах і за межамі Беларусі. Адначасна праваахоўныя органы распачалі ціск на актывістаў-пратэстоўцаў за папярэднія мірныя антыінтэграцыйныя пратэсты 7-8 снежня.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Канстытуцыя абавязвае кожнага грамадзяніна Беларусі бараніць сваю краіну. Гэтак арганізатары акцыяў тлумачаць законнасць пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй і нагадваюць дзяржаўным асобам, што галоўны закон краіны ўсталёўвае крымінальную адказнасць за здраду дзяржаве. Лідары апазіцыйных палітычных партыяў і рухаў заклікаюць грамадзянаў выйсці на Кастрычніцкую плошчу сталіцы ў найбліжэйшую пятніцу, каб бараніць незалежнасць Беларусі.

Мітынг на Кастрычніцкай плошчы, шэсце па Нямізе і Зыбіцкай, а таксама ланцуг неабыякавых людзей уздоўж праспекту Незалежнасці. Гэтак выглядае так званы план А, складзены для пратэстаў 20 снежня. Арганізатары сцвярджаюць, што маюць і план Б – на выпадак перашкодаў з боку ўладаў. Яго, аднак, не рассакрэчваюць, каб мірны пратэст адбыўся.

«Мірныя пратэсты будуць усё роўна, але мы зыходзім з таго, што 20 снежня а 18:00 плошча будзе адкрытая, як гэта было 7 і 8 снежня. Сцэнар мы агучылі, але ў выпадку таго, што ён будзе немагчымы, там будуць прадстаўнікі арганізатараў і мы будзем праводзіць гэты масавы пратэст крыху ў іншым фармаце», – кажа адзін з арганізатараў Павал Севярынец.

Арганізатары заяўляюць, што да акцыяў пратэсту далучаюцца ледзь ня ўсе айчынныя дэмакратычныя сілы. Хоць на шмат каго з удзельнікаў папярэдніх пратэстаў цяпер ціснуць улады. Гэтак, аршанскі блогер Шэры Кот прыехаў на паседжанне аргкамітэту, праігнараваўшы позву з міліцыі.

«Я ўвогуле не разумею: гэта нейкая здрада, бо калі людзі выходзяць за суверэнітэт, то іх маглі бы папярэдзіць ці ніяк не рэагаваць. Мы вось толькі што размаўлялі, як дзейнічаць апазіцыі, калі прадстаўнікі ўлады паводле Канстытуцыі мусяць бараніць суверэнітэт, а яны дзейнічаюць супраць – караюць людзей, якія пратэстуюць, і самі здаюць дзяржаву», – кажа блогер Зміцер Казлоў (Шэры кот).

«За нашу і вашу свабоду» – гэтак арганізатары акрэслілі мэту антыінтэграцыйных пратэстаў у звароце да грамадзянаў Расеі, каб падкрэсліць іх скіраванасць не супраць расейскага народу, а супраць дзейнасці ўладаў гэтак званай Саюзнай дзяржавы. Мітынг пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску адбудзецца 20 і 21 снежня, а ў лютым плануецца сустрэча Рады ўсебеларускага Кангрэсу дзеля абароны незалежнасці.

«Пытанне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, на жаль, на сёння не можа абмежавацца толькі правядзеннем вулічных акцый. Яно вельмі востра паўстане і ў 2020 годзе. Таму мы збіраем шырокі прадстаўнічы форум з удзелам актыўных грамадзянаў», – паведаміла старшыня ТБМ Алена Анісім.

Арганізатары акцыяў пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску 20 і 21 снежня рыхтуюцца паведаміць пра іх правядзенне ў Менгарвыканкам, складаюць зварот да працаўнікоў праваахоўных органаў, а таксама да беларусаў замежжа з заклікам падтрымаць змаганне за незалежнасць Беларусі.

Галіна Абакунчык belsat.eu