Пратэсты нас змянілі


Пратэсты падымаюць беларусам настрой, 15 содняў арышту ўжо не палохаюць, а адсутнасць лідараў не падрывае энтузіязму. Як пратэсты змянілі светапогляд іх удзельнікаў? Як доўга яны могуць працягвацца? Адказы дае даследаванне, якое правёў сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. Дапамагалі яму валанцёры з ліку пратэстоўцаў.

Аўтазакі і вадамёты людзей ужо не палохаюць. На што спадзяюцца і чаго асцерагаюцца ўдзельнікі пратэстаў – пытаўся ў іх падчас даследаванняў у фокус-групах, зладжаных па ўсёй краіне, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.

«У траўні Ціханоўскі казаў пра тое, што 15 содняў арышту – гэта не страшна. Людзі тады ўспрымалі гэтыя словы як небяспечныя і іншародныя. Дык вось цяпер гэта стала псіхалагічна прымальна. Людзі кажуць пра тое, што «кожны прыстойны беларус павінен адсядзець», – звяртае ўвагу Андрэй Вардамацкі.

Змяншэнне страху перад рэпрэсіямі – не адзіная змена, якую выявіла апытанне ўдзельнікаў шматтысячных акцыяў. У людзей з’явілася псіхалагічная патрэба выходзіць на маніфестацыі. Сустрэча з дзясяткамі тысяч аднадумцаў дае ім пазітыўны настрой і сілы. У краіне ідзе «вулканічны працэс самаарганізацыі»: людзі аб’ядноўваюцца падворкамі. Гэта стварае падмурак для будучага мясцовага самакіравання. Некаторыя працэсы проста ўнікальныя. Адсутнасць адзінага лідара, насуперак усім вядомым правілам, не падрывае пратэстаў.

«У кожнай мікрагрупе тут і цяпер з’яўляецца новы лідар. Прычым гэты лідар, які рухаецца ў калоне, яшчэ гадзіну таму не ведаў, што ён будзе лідарам: чалавекам, які ўказвае, куды ісці, што рабіць», – тлумачыць Андрэй Вардамацкі.

Адна з галоўных зменаў у свядомасці беларусаў – гэта рост даверу да сваіх суседзяў і страта даверу да аўтарытарнай дзяржавы – пацвярджае філосаф-метадолаг УладзІмір Мацкевіч.

«Наколькі яна глыбокая, ці не зʼявіцца нейкі харызматык, які сцягне на сябе ўвагу і зноў аднавіць аўтарытарызм – я не прарок, не магу пра гэта нічога сказаць. Гэта яшчэ магчыма», – лічыць філосаф.

А ці заўважылі мы перамены ў саміх сабе?

«Людзі сталі смялейшымі. Хтосьці дабрэйшым, хтосьці – злейшым. Нехта спецыяльна паказвае сваю апалітычнасць».

«Я, напрыклад, пастаянна сцяг стаўлю і езджу. І мне пофігумянты, не мянты, забяруць – дык забяруць, але пакуль не забралі».

«Мы, беларусы, – мірныя людзі. І нам гэтыя пратэсты нікому не патрэбныя!»

«Пакуль людзі не здаюцца. Гэта самае галоўнае. Мы верым у будучыню!» – кажуць жыхары Горадні.

Удзельнікі мітынгаў і шэсцяў гатовыя пратэставаць шмат месяцаў. Адсутнасць імгненных вынікаў не выклікае ў іх апатыі – зазначае сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.

Аляксандр Папко, «Белсат»