Аб'ектыў 10.04.2019 Прагноз МВФ аб развіцці сусветнай эканомікі і эканомікі Беларусі на бліжэйшы год значна пагоршыўся


Прагноз эканамічнага росту перагледзеў Міжнародны валютны фонд. Што зменшыла аптымізм сусветнай фінансавай установы, і чаму на Беларусь эксперты глядзяць скептычна? Растлумачыць Аляксандр Папко.

Гандлёвыя войны ЗША з Кітаем, праблемы нямецкіх аўтаканцэрнаў, запавольванне росту ў Кітаі, Аргентыне і Турцыі – гэта прымусіла Міжнародны валютны фонд паглядзець на прагнозы сусветнай эканомікі менш аптымістычна. Яшчэ меншыя надзеі МВФ ускладае на эканоміку Беларусі.

Замест спадзяваных 3 адсоткаў Беларусь сёлета пабагацее на 1,8. З прычыны падзення сусветных цэнаў на нафту яшчэ горшых вынікаў, чым Беларусь, можа дасягнуць Расея.

«Як правіла, ні Сусветны банк, ні МВФ не прадказваюць дакладна. Яны пазней змяняюць свае прагнозы цягам года некалькі разоў, спрабуючы ўгадаць, што будзе ў канцы года. Таму я б сур’ёзна да гэтага не ставіўся, што зменшылі прагноз на паўтара адсотка. Дрэнна агулам жывем і лепш жыць не будзем», – тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Росту попыту на беларускія тавары на галоўным для нас расейскім рынку МВФ не прагназуе. Затое прарочыць істотныя страты ад расейскага падатковага манеўру.

Прагноз МВФ: Наколькі сёлета вырасце эканоміка?

Польшча – 3,8 %

Украіна – 2,7 %

Беларусь – 1,8 %

Расея – 1,6 %

«Расейская нафтаперапрацоўка атрымае кампенсацыю ад расейскага бюджэту, а нашая нафтаперапрацоўчая галіна гэтай кампенсацыі не атрымае. І нават адная гэтая прычына тлумачыць, чаму для беларускай эканомікі праблемаў будзе больш, чым для расейскай», – каментуе старэйшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

2 адсоткі на год – гэта таксама эканамічны рост, але розніцу, нават крыху большую за адсотак, можа адчуць кожны. Каб дасягнуць такога ж узроўню дабрабыту, як сённяшняя Польшча або Літва, пры 3-адсоткавым росце Беларусі спатрэбіцца каля 15 гадоў. Пры росце меншым за 2 % – ужо 25!

Чаму мы так адсталі ад нашых заходніх суседзяў і што не дае нашай эканоміцы разгарнуць крылы? Слова сталічным мінакам:

«Калі тыя ж самыя людзі будуць сядзець пры ўладзе, то што вы чакаеце, каб нешта памянялася? Погляд жа адзін і той жа!»

«Трэба больш свабоды бізнесу. І ўсё ў нас будзе добра ў эканоміцы. Як і ва ўсіх».

«Я быў і ў Польшчы, і ў краінах Балтыі. Мы жывем значна лепш».

«Можа, мы не ў поўнай ступені выкарыстоўваем тыя рэсурсы, якія ў нас ёсць, каб зарабляць на гэтым грошы».

«Гэта звязанае з гістарычнымі традыцыямі. З беларускім нацыянальнымі менталітэтам».

Міжнародныя фінансавыя ўстановы думаюць іначай. Расці, як Польшча або Літва, з тэмпам чатыры адсоткі на год, нам не даюць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы, празмерная залежнасць ад расейскага рынку і вялікі замежны доўг.

«Краіны, падобныя да Беларусі, могуць расці ды развівацца дзякуючы замежным інвестыцыям. Пакуль у нас не абароненая прыватная ўласнасць, пакуль у нас няма незалежных судоў, якія могуць гэтую ўласнасць абараняць, інвестыцыі да нас прыходзяць кропкава», – распавядае Вадзім Іосуб.

Спадзяванняў на эканамічны бум не мае нават урад Беларусі. Сёлетні бюджэт разлічаны на рост усяго 2 адсоткі. Аднак і тыя планы могуць не спраўдзіцца. Усё традыцыйна залежыць ад Расеі. Калі тамтэйшая эканоміка адчуе сябе горш, за Масквою зацягне паясы і Менск.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары