«Прафсаюз Оnline» – для абароны і кансалідацыі працоўных


Да агульнанацыянальнай забастоўкі супраць дыктатуры далучыўся Сучасны мастацкі тэатр – пасля арышту актора Дзяніса Дудзінскага. Пра забастоўку папярэдзілі і 853 працаўнікі Гарадзенскага мясакамбінату, калі іхныя палітычныя патрабаванні не выканаюць.

Але працаўнікам варта абʼядноўвацца – кажуць стваральнікі ініцыятывы «Прафсаюз Online». «Лукашэнку трыбунал», – прагучала ў Гаазе, дзе знаходзіцца Рэзідэнцыя Трыбуналу. «За права на страйк!» ля амбасады Беларусі галандскія грамадскія дзеячы арганізавалі акцыю падтрымання прафсаюзаў буйных прадпрыемстваў Беларусі. Таццяна, беларуска з Гаагі:

«Усе ўзрушаныя тым, што адбываецца ў Беларусі. Галандскія’ прафсаюзы і шмат хто з галандцаў не могуць спакойна глядзець на тое што адбываецца ў Беларусі – на гвалт і знішчэнне свабодаў».

Прафсаюзы Беларусі ў гэты час таксама абудзіліся. Страйкаў рабочых Менскага Маторнага заводу не відаць на вуліцы. Але патрабаванні людзей не змяніліся – новых выбараў, спынення рэпрэсіяў, вызвалення палітычных вязняў… Большасць працоўных ММЗ зменяць дзяржаўны прафсаюз на незалежны, кажа актывіст прадпрыемства Андрэй Комлік-Ямацін:

«Прафсаюз – цалкам апрабаваная арганізацыя, якая мае вагу і законны юрыдычны статус, у адрозненне ад сітуацыйнага статусу стачкамаў. Таму фактычна праца стачкамаў цяпер будзе спыняцца і пераходзіць у працу «пярвічак» незалежнага прафсаюзу».

Каардынацыйная рада, створаная дзеля мірнай перадачы Лукашэнкам улады, звязалася з усімі чатырма зарэгістраванымі ў Беларусі незалежнымі прафсаюзамі… Дзеля чаго, тлумачыць сябра рады Віталь Рымашэўскі:

«Каб стварыць па ўсёй краіне, ува ўсіх галінах суполкі прафсаюзаў і затым – легальна, з юрыдычнаю абаронай можна рабіць і страйк – як на кожным прадпрыемстве, гэтак і агульнанацыянальны, і абараняць працоўных ад ціску, і аказваць юрыдычныя кансультацыі».

Не толькі для працоўных заводаў, але таксама для медыкаў, настаўнікаў, спартоўцаў, а таксама студэнтаў і навукоўцаў. Супрацоўнікі колл-цэнтру (+375 25 501-18-16) усю інфармацыю накіруюць у незалежныя прафсаюзы, а тыя дапамогуць стварыць моцную суполку на вашым працоўным месцы.

Платформа «Прафсаюз online» мае старонку blrs.online, праз якую можна падаць заяўку на далучэнне да прафсаюзаў. Марына Варабей, стваральніца платформы «Прафсаюз Online», заахвочвае:

«Каб абʼядноўвацца, трэба ведаць, хто той чалавек побач… ці ён аднадумец мой ці не. І калі мы ведаем, хто гэтыя людзі, якія працуюць са мною ў адной установе ці адной кампаніі… Мы тады разумеем, што мы можам аб’яднацца».

Гэта дазволіць рашуча размаўляць з наймальнікам, і па-сапраўднаму адстойваць свае законныя эканамічныя і… палітычныя правы. Аляксандр Ярашук – старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў цешыцца:

«Сёння зʼявіўся запыт на незалежны прафсаюзны рух, на тое каб прыйсці ў незалежныя прафсаюзы. Галоўнае тут я бачу – выхад з дзяржаўных прафсаюзаў. Гэта разбурае адзін з падмуркаў таталітарнай палітычнай сістэмы ў краіне. І гэта галоўная задача».

Ад сёння на платформе пачалася руплівая праца арганізатараў і валанцёраў, якіх ужо шмат, але ўсцяж не дастаткова.

Юлія Цяльпук, «Белсат»