Праект закону «Аб амністыі»: Без літасці да карупцыянераў і нецвярозых кіроўцаў і паслабленне па «наркатычным» артыкуле


Ніякай літасці да карупцыянераў і нецвярозых кіроўцаў. А вось асуджаных па «антынаркатычным», 328 артыкуле, упершыню можа чакаць паслабленне. У рэдакцыю парталу Tut.by патрапіў праект закону «Аб амністыі», запланаванай да 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Каго яшчэ закране амністыя?

Да 70-годдзя Перамогі ў 2015-м кіраўнік Беларусі прымяркоўваў папярэднюю амністыю – на волю выйшлі 1834 зняволеных.

Сёлета 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і чарговая амністыя, якая закране каля 10 000 асобаў. Пераможнаю можа стацца ў тым ліку для сына каардынатаркі супольнасці «Матчын рух 328» Ларысы Жыгар, які адбывае пакаранне паводле «наркатычнага» артыкулу:

«У папраўчых установах маладзёны яе вельмі чакаюць, таму што нават год гэтай няволі… у які ён ужо будзе на волі – гэта для яго вялікае свята, гэта радасць».

Сярэднія тэрміны паводле артыкулу 328 Крымінальнага Кодэксу – 8-12 гадоў. Амніставаць могуць асуджаных паводле частак першай, другой і трэцяй.

«У нас няпоўнагадовыя маладзёны ёсць і па частках 3 і 4 арт. 328. На іх амністыя не распаўсюджваецца», – кажа Ларыса Жыгар.

Аб’яднаныя ў «Матчын рух 328» жанчыны не першы год актыўна змагаюцца за змяншэнне тэрмінаў пакарання для дзяцей і за адпаведныя змены ў заканадаўстве. Хоць невялікія зрухі, але ёсць – адзначае нязменны абаронца правоў вязняў Андрэй Бандарэнка.

У праекце «Амністыі-2019», які трапіў да журналістаў парталу Tut.by, кіраўнік арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка бачыць водгук на найбольш гучныя медыйныя справы і звароты праваабаронцаў:

«Гэта артыкулы звязаныя з наркаманіяй і звязаныя з няпоўнагадовымі – гэта сапраўды ў сваім родзе інавацыя, бо прымяненне 2-х гадоў у амністыі для няпоўнагадовых – абсалютна слушны падыход».

Калі вязень адбыў траціну пакарання за крадзеж, прысвойванне, махлярства, кібер-крадзеж ці незаконнае прадпрымальніцтва – мае шанец выйсці на волю. Найперш – найменш сацыяльна абароненыя вязнi: цяжарныя і асобы, якія маюць няпоўнагадовых дзяцей, пенсіянеры, ветэраны. Асобы з інваліднасцю, пацярпелыя ў войску ці ад чарнобыльскай радыяцыі.

Калі ж вязень, асуджаны за карупцыю ці злоўжыванне паўнамоцтвамі ці ўладаю, – паводле законапраекту, гэтым разам застанецца за кратамі.

«Хутчэй за ўсё ў дзяржавы змяніўся падыход менавіта да карупцыйных артыкулаў, якія звязаныя з эканамічнымі злачынствамі. Мы назіраем больш жорсткае стаўлення дзяржавы менавіта да карупцыйных артыкулаў», – тлумачыць Андрэй Бандарэнка.

У папярэднюю амністыю на свабоду выйшлі зняволеныя паводле рэзанансных справаў: напрыклад, Дзмітрый Лукашэвіч, які збіў гомасексуаліста, ды былы гендырэктар «Барысаўдрэву» Уладзімір Мальцаў, якога асудзілі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

Згодна з новым праектам, яны б не мелі магчымасці выйсці датэрмінова. Рыхтавалі сёлетні дакумент адмыслоўцы МУС і Вярхоўнага суда.

«Алкашам месца за рулём няма, кропка! Мусіць быць жорсткі спрос, асабліва калі ты сеў за стырно п’яны і забіў чалавека», – заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Меркаванне кіраўніка Беларусі наўпрост адбілася на старонках «Праекту аб амністыі» – аніякай літасці для нецвярозых кіроўцаў. А каго б раілі амніставаць менчукі?

«За лёгкія наркотыкі, так бы мовіць – за траву».

«Можа кіроўцаў, якія парушылі, але не забілі нікога».

«За эканамічныя злачынствы амніставаў – амніставаць».

«Жулікі, якія за кошт народу жывуць – няхай сядзяць на баландзе якой».

«Амністыя… напэўна трэба быць адразу больш пільнымі ў прыняцці законаў».

Законапраект павінен яшчэ прайсці ўзгадненні ў адказных ведамствах, потым – разгляд у Палаце Прадстаўнікоў, ухваленне Саўмінам і апошні подпіс за Аляксандрам Лукашэнкам.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko/ Forum