Праект «Школьны сад» – вучні і настаўнікі вучацца рабіць экабізнес


Праца для школьнікаў у садзе або ў агародзе – гэта не абавязкова «прымушалаўка» у калгасе. Калі падысці да справы з галавой, атрымаецца і забава, і навучанне асновам бізнесу. Дзеля гэтага ў Беларусі дзее экалагічны праект «Школьны сад». Вясковых настаўнікаў разам з навучэнцамі вучаць экалагічна і эфектыўна весці прышкольныя надзелы.

Куры, гусі і энергаэфектыўныя цяпліцы. Сядзіба «Беларускага зялёнага крыжа» пад Смалявічамі стала навучальным цэнтрам для сельскіх настаўнікаў. Тут паказваюць, як дбаць пра школьны сад больш экалагічна. Напрыклад, замест хімічных угнаенняў выкарыстоўваць прадукты жыццядзейнасці чарвякоў.

«Тут чэрві. Кладзецца корм. Калі з’ядаюць, наверх кладзецца скрыня і насыпаецца корм горкай, і тады чэрві пераходзяць у верхнюю скрыню. Калі яны там усё перапрацавалі, прыйшлі сюды, гэта скрыня ставіцца ўніз, гэтая забіраецца», – паказвае каардынатар праекту Уладзімір Пусташыла.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Курсы адбываюцца што два месяцы, звычайна ў іх удзельнічаюць да трох дзясяткаў настаўнікаў. Навучыцца можна шмат чаму, у тым ліку, як эфектыўна будаваць цяпліцы.

«Мы можам паглядзець на трубы. Тут зверху стаяць вентылятары, і калі цяпло падымаецца, свежае паветра, то ўключаюцца вентылятары і заганяюць цёплае паветра пад зямлю, дзе ён ахалоджваецца і выходзіць. Адбываецца рэцыркуляцыя цёплага паветра», – кажа каардынатар.

Тут навучаюць не толькі як весці сельскую гаспадарку, але развіваць аграэкатурызм ды зарабляць на гэтым. Прадстаўнікі школаў з усіх вобласцяў прапануюць свае ідэі ды з дапамогаю кансультантаў рэалізоўваюць іх у школах.

«Мы сёлета распрацавалі бізнес-праект вырошчвання часныку, мы ўжо яго пасадзілі і плануем атрымаць хаця б стартавы эканамічны эфект», – расказвае дырэктар Чапукоўскай яслі-сад-сярэдняй школы Уладзімір Кляўцоў.

«Гэта прывучэнне дзяцей да бізнесу, гэта, па сутнасці, вядзенне бізнесу. Можна наладзіць і не толькі ў тэорыі, бо ёсць фінансавая пісьменнасць, але і на практыцы канкрэтна», – кажа дырэктар Хракавіцкай сярэдняй школы Андрэй Смалянчук.

«Харчаванне школьнікаў – адно з самых важных пытанняў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, у нашым дзіцячым садку выкарыстанне прадукцыі, якая вырасла на прышкольным участку, дазваляе знізіць кошт дзета-дня на 12–15 %», – кажа Інэса Стрыновіч з Опсаўскай яслі-сад-сярэдняй школы.

Праект «Школьны сад» фінансуе Еўразвяз. Працягнецца навучанне да 2022 года.

Наста Кахановіч belsat.eu