Прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях – найменш за ўсю гісторыю выбараў


Апазіцыйныя палітычныя партыі спрабуюць абскардзіць у судах неўлучэнне сваіх сябраў у выбарчыя камісіі. Апазіцыянеры заяўляюць пра масавыя парушэнні з боку праўладных арганізацыяў і дзяржаўных структураў. Толькі аднойчы суд прыняў падобную заяву да ўвагі.

Антырэкорд сёлета прадэманстравалі Менск ды іншыя гарады: ніводнага з прадстаўнікоў кампаніі «Права выбару» не ўлучылі ў склад камісіяў. Станоўчы вынік разбору толькі адзін: суд у Слоніме прызнаў парушэнні і распарадзіўся выключыць з камісіі дзясятак чальцоў праўладных арганізацыяў.

«Там ужо настолькі былі відавочныя парушэнні, што іх нельга было ігнараваць. Гэта вельмі добра, бо гэтыя людзі з камісіяў выкрасленыя, і выканкам мусіць нешта рабіць: ці памяншаць колькасць сябраў камісіі, ці кагосьці дадаваць. А гэта сябры Партыі БНФ, якія таксама заяўлялі сябе ў гэтыя камісіі з захаваннем усяе працэдуры», – кажа намеснік старшыні партыі БНФ, каардынатар кампаніі «Права выбару» Зміцер Салошкін.

Кампанія «Права выбару» складаецца з сябраў васьмі дэмакратычных партыяў і рухаў. Яе чальцы ініцыявалі больш за дваццаць судовых працэсаў. Галоўная мэта – дамагчыся, каб у складзе выбарчых камісіяў працавалі прадстаўнікі апазіцыі, але ніводзін з пазоваў пакуль не задаволены.

«Мы сабралі доказы і будзем далей звяртацца ў пракуратуру з тым, што ўчастковыя камісіі складзеныя з парушэннямі. Мы і далей будзем абскарджваць тое, што нашыя правы, як і правы нашых палітычных структураў, парушаныя», – распавядае сябра БСДП (Грамада) Аляксей Сігаеў.

Праца камісіяў – найважнейшы складнік выбарчай кампаніі з гледжання свабодных і справядлівых выбараў: менавіта ўчастковыя камісіі кантралююць хаду галасавання і падлічваюць галасы. Але і іхная праца застаецца адною з самых непразрыстых і некантраляваных.

«Мы, кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», настойваем на тым, што неабходна ўключаць у заканадаўства ўмову аб гарантыях палітычным суб’ектам на ўключэнне іх прадстаўнікоў у камісіі. Гэта значыць, што камісіі павінны складацца з прадстаўнікоў тых партыяў і рухаў, якія прымаюць удзел у выбарах», – гаворыць аналітык кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Павел Сапелка.

Колькасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях падчас сёлетніх выбараў складае прыблізна 4 адсоткі – найменшую колькасць за ўсю гісторыю выбараў у нашай краіне.

Галіна Абакунчык belsat.eu