Прадпрымальнік на Віцебшчыне аднаўляе сядзібу


Калі беларус сам засноўвае бізнэс і гатовы стварыць працоўныя месцы, то можа сутыкнуцца з супрацівам чыноўнікаў. Прадпрымальнік з Віцебску збірае грошы на аднаўленне спадчыны вялікага батаніка ў сядзібе ў Вялікіх Лётках.

Культурніцкі цэнтр, рамесныя майстэрні ды краязнаўчы музей марыць стварыць на беразе возера Лётцы віцяблянін Максім Жукаў. За 15 кіламетраў ад Віцебску ён выкупіў старую сядзібу. Першая праца, якую мусіць зрабіць энтузіяст, – папяровая.

«Мы сварымся з «Віцебскаблводаканалам». Таму што яны выставілі нам абсалютна непрымальныя тэхнічныя ўмовы, згодна з якімі нам трэба самастойна поўнасцю капітальна адрамантаваць палову водазабеспячэння вёскі Вялікія Лётцы», – распавядае прадпрымальнік Максім Жукаў.

Пакуль Максім робіць усё сам – перапісваецца з чыноўнікамі, выносіць смецце, рамантуе камунікацыі. Але ўлетку – плануе звярнуцца па дапамогу да валанцёраў.

Калі падвядуць ваду і святло, то ў двары сядзібы будзе магчыма ладзіць канцэрты. На першасны рамонт патрэбна больш за 3 тысячы рублёў. Грошы збіраюць на платформе «Ulej.by».

«Там вельмі многа цікавых лотаў, і зусім недарагіх. За два рублі – білет на юбілейны Адамаўскі фэст, экскурсіі, цэгла з уласнымі імёнамі», – кажа прадпрымальнік Максім Жукаў.

Сто гадоў таму сядзіба ў Лётцах належала Уладзіміру Адамаву – батаніку з еўрапейскім іменем, які ў сваім садзе сабраў дзве з паловаю тысячы раслінаў і дрэваў.

«Не ў кожнай вёсцы сто гадоў таму быў вялікі батанічны сад. Па-другое, выяўляецца ўсё больш судовых і гаспадарчых дакументаў, якія сведчаць пра тое, што гэты маёнтак быў даволі значны», – адзначае краязнавец Міхаіл Дук.

У часы камунізму батанічны сад спустошылі, а сядзібу Адамава аддалі дзіцячаму дому. Летась гэты дом і школу ў Вялікіх Лётцах зачынілі. Культурны цэнтр, што стварае Максім Жукаў, можа стаць ці не адзіным асяродкам грамадскага жыцця ў вёсцы.

А як да перадачы гістарычных будынкаў у прыватныя рукі ставяцца віцябляне?

«Калі цяпер няма магчымасці ў дзяржавы прыводзіць іх у нармальны стан, то чаму б не заняцца гэтым тым, хто можа?»

«Гэта наш здабытак, гэта здабытак народу, і перадаваць яго ў прыватныя рукі – не ведаю, ці правільна гэта».

«У Францыі, здаецца, усе замкі належаць камусьці. І калі заканадаўства будзе казаць, што вы будзеце вызваленыя ад падаткаў, але пры гэтым павінныя аднавіць замак у першапачатковым выглядзе, то гэта будзе выдатна».

Сядзіба ў Лётцах, якую адраджае Максім, – рэдкае выключэнне ў шэрагу занядбанай спадчыны. Паводле віцебскага гісторыка Уладзіміра Булаўскага, закінутых гістарычных будынкаў на Віцебшчыне – не менш за 100.

Аляксандар Папко, belsat.eu